Гальляш Леўчык.
Гальляш Ляўковіч (псэўд. — Леўчык) у адным з вершаў, пасьвечаных Я. Коласу, прызнае яго найраднейшым сабе. Па гэтым можна судзіць, што ён залічае сябе да пісьменьнікаў сялянскіх. Трэба ўсё-ж прызнаць, што з Коласам Леўчык сходзіцца найбольш хіба толькі ў выяўленьні смутку, які ўсьцяж пранізвае яго поэзію. Колькі разоў ён сіліцца вырвацца ад гнятучага яго жалю, часам нават бадзёра ўдарае па струнах, але дзеля таго толькі, каб зараз-жа зноў вярнуцца да тога, з чаго пачаў. Сялянскі грунт у яго ня ўсё-ж выяўлены. Наагул Г. Л. — тыпічны пісьменьнік-нашанівец з найбольшым прыбліжэньнем да сялянскіх пісьменьнікаў.
Радзіўся ў м. Слоніме 20 ліпня
1880 г., куды пераехаў яго бацька з роднае вёскі (Шайпякі, Слонімскага пав.). Хадзіў у прыходзкую школу, а потым у г. зв. павятовую, якую скончыў. З 1896 г. служыць у канцэлярыі Міравога Судзьдзі і Зьезду Міравых Пасярэднікаў. Потым працуе ў якогась каморніка. У 1904 г. пераяжджае ў Варшаву і працуе, як рысавальнік у мескім магістраце. Тут-жа ходзіць на лекцыі ў Школу Мастацтва. У Варшаве знаходзіцца й цяпер, прымаючы вучасьце ў грамадзкім жыцьці[1].
Пісаў толькі вершамі, якія раскіданы па часопісях. Асобнаю кніжкаю выйшаў зборнічак:
„Чыжык беларускі“, Вільня, 1912 г.