Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/В/Цішка Гартны/Песьні/Гарбар на вандроўцы

Песьні гарбара Гарбар на вандроўцы
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1927 год
Песьня грабара
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гарбар на вандроўцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гарбар на вандроўцы.

(Ахвяруецца Цімоху Гамзе).

Дожджык пакрапляе,
Дзень стаіць халодны,
Шпаламі[1] клыпае[2]
Ў пуць гарбар галодны.

Ногі чуць клыпаюць
І грабуць нясьмела;
Вочы пазіраюць
Сумна, асавела.

Апусьцілісь рукі
Ад цяжкой утомы…
Дзе-ж сканчэньне мукі
Яго — невядома.

Сэрца болем рэжа,
Сэрца болем плач…
Ў зношанай адзежы
Холадна, аднача!

Косьці боль ламоча,
Цяжар дацінае…
Гарбар есьці хоча,
Хоча — ды ня мае,

Ўчора йшчэ з астаткам
Грошы ён расстаўся:
Ў месцы на дзесятку
Ён падмацаваўся

І пашоў навочы
Холадам, слатою,
Каб дайсьці да ночы
Ў месца дзе другое.

Каб хаця дзе мала
Працы расстарацца:
Сэрцу-б лягчэй стала,
Як ісьці бадзяцца.

Але што-ж, ня чуюць
Людзі і ня бачуць[3],
Як браты гаруюць
І ў нядолі плачуць.

А на крык: „работы!“
— Ў нас няма!“ гукаюць;
Й з дзікаю ахвотай
Далей адсылаюць

Ня спытаўшы брата,
Ці ён есьці хоча,
Ці ён знойдзе хату
Адпачыць уночы…

Вось ідзе памалу,
А куды — ня знае;
З шпалы ды на шпалу
Ціханька ступае.

Падбіў ногі моцна[4]
І стаміўся дужа;
На людзей ён злосны,
Злосны і на сьцюжу.

З гораду у горад
Блукае, клыпае,
Гоніць яго холад,
Голад падганяе.

А ўсьлед з імі гора,
Гора сьледам ходзіць
І усім гавора
Гарбару прашкодзіць,

Каб ён не дабіўся
Сабе лепшай долі,
Шчасьця не дажыўся
Навекі ніколі.

А за што? Хто знае?
Чым ён вінаваты?
Доля, бач, такая —
Ёю ён прадаты…[5],
..........

Дожджык пакрапляе,
Па гразі хлюпоча,
Гарбара пужае,
З гарбара рагоча.

А у тахт начыньне
З дажджом песьню грае,
Сэрца ад ёй стыне,
Кроўю ацякае.

Поўны ўвесь клапотаў,
Йдзе гарбар, сьпяшыцца…
Дзе-ж то на работу
Ён прыстаканіцца?..[6]



  1. Бэлькі на жалезнай дарозе, на якіх паложаны рэльсы.
  2. Кульгае.
  3. Правільна — бачаць.
  4. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  5. Праданы.
  6. Прыстане.