Запраўднае імя яго Зьмітра Жылуновіч. Радзіўся ў 1887 г. у м. Капылі, Слуцкага пав. Скончыўшы пачаткавую школу ў родным мястэчку, Зьмітра ня мог далей вучыцца і пашоў працаваць у гарбарню, майстэрню, дзе вырабляюць скуры. Гэтым самым стаўся пралетарам і далейшую адукацыю здабываў толькі самаразьвіцьцём. Агульны работніцкі рух б. Расеі захапіў і Капыль. Жылуновіч стаў на чале руху. Пад яго кіраўніцтвам работнікі былі арганізованы ў соц.-дэмократычную партыю, і імі былі выданы дзьве рукапісныя часопісі: „Голас Ніза“ і „Вольная Думка“.
Выехаўшы з Капыля, Жылуновіч блукаў па розных местах Беларусі, аж пакуль не апынуўся ў далёкім Пецярбурзе, у самым віры сьвядомага работніцкага жыцьця, Тут ён узяўся за арганізацыю беларускіх працаўнікоў і разам з тым вучыўся і пісаў у работніцкай прэсе.
Цішка Гартны.
У часе рэволюцыі выявіў вялікую актыўнасьць на больш шырокім полі.
Пабеларуску пачаў пісаць у 1908 г., надсылаючы вершы, расказы, лісты з падарожы ў „Нашу Ніву“.
Асобнымі кніжкамі дасюль выйшлі:
1) „Pieśni“ — Пецярбург, 1913 г. — зборнік вершаў.
2) „Песьні працы і змаганьня“ — Бэрлін, 1922, новы зборнік вершаў, куды ўвайшлі і рэчы першага зборніка, як і наагул шмат чаго з напісана раней.
3) „Урачыстасьць“ — Менск, 1925 г., зборнік вершаў, найбольш з апошняга часу.
4) „Бацькава воля“ — вялікі раман з жыцьця апошняга часу.
5) „Хвалі жыцьця“ — драма ў 3 актах.
6) „Соцыялістка“ — драма ў 5 актах. Увайшла ў зборнік „Сцэнічныя творы“, Менск, 1924 г.
Творчасьць Цішкі Гартнага, як поэта-пралетара, значна розьніцца ад творчасьці пісьменьнікаў сялянскіх. Праўда, з самага пачатку, стоячы блізка да вёскі і знаходзячыся пад уплывам ідэолёгіі „Нашае Нівы“, і ён аддаваў шмат месца тэмам, якія былі звычайнымі ў пісьменьнікаў сялянскіх, быў праняты і іх настроямі. Але паступова, асабліва з выданьнем першае кніжкі — ён цьвёрда стаў на шлях творчасьці пралетарскай.
Ён апявае жыцьцё грабара, гарбара, каваля і г. д. У творах яго няма таго звычайнага для сялянскіх пісьменьнікаў суму, плачу, ці разважаньняў інтэлігэнцкага пісьменьніка. У яго заметны гарт пралетара, які сьмела робіць сваю працу, Толькі калі-не-калі прабіваюцца мінуты ўпадку („Я — нішто“…). Наагул-жа гарт пралетара, ў жыцьцёвай барацьбе знайшоў добры выраз у Цішкі. Не здарма і псэўдонім яго — Гартны. Ён любіць буру, навальніцу, ставіць зямлю вышэй за спакойнае неба. Гэты агульны настрой творчасьці нават знайшоў адбітак у форме верша, які ёсьць ёмкі, усечаны[1].
Мусім ад’значыць З. Жылуновіча і як літэратурнага крытыка. Ён тут — таксама пралетар і з свайго пункту гледжаньня ацэнівае тыя ці іншыя літэратурныя факты, уносячы здаровы пагляд у хаос думак розных іншых крытыкаў. Найлепшы з гэтага боку артыкул — „Аб крытыцы «Босыя на вогнішчы“ і яшчэ аб саміх «Босыя не вогнішчы» М. Чарота“[2].