Я убачыў яе ваддалёк,
Сярод ночы цямлівай, глухой,
Убіраўшай яе ў цёмны змрок
І пяяўшай літаньнi над ёй.
Я убачыў яе і ўзгарэў, як агонь,
Як усходняга сонца лучы,[1]
І хутчэй паляцеў наўздагонь,
Паляцеў да яе, крычучы:
„Не ўцякай ты, багіня красы,
Зыркi водблiск сiячага дня!
Дай напіцца твае мне расы
Дай часьціну твайго мне агня!
Я сасмагшую душу расой
Волядаўчаю ўсю акраплю,
А агонь гэты дзіўны я твой
Ў сэрцы сьвежым сваiм запалю
І, бы вырваны з клеткi той зьвер,
Ў бой з няпраўдай ліхой палячу,
Хоць да шчасьця шукаючы дзьвер
Сваім жыцьцем за ўсё заплачу“.
I наўкола ад крыку майго
Раздавалася рэха, бы гром;
Я-ж да месца сьвятога таго,
Дзе стаяла яна, бег бягом;
І расставіўшы рукі свае,
Бы галодны, што мусе самлець,
Я стараўся даткнуцца яе,
Каб у мiрганьнi яе распылець.
Але ночы хаўтурная цьма
Шчыльна-шчыльна павiсла над ёй,
Так што ў змроку пасмугла яна
Перад смагай гарачай маёй.
I як быццам далася на крок[2]
Далей-далей, назад ад мяне,
Ды ізноў паказалась здалёк,
Разгарэўшыся ў зыркiм агне.
Я-ж ня стаў, не жахнуўся патом,[3]
А ўсе сілы ў сабе пазьбіраў
І з гарачым душэўным агнём
Сьмела к ëй набліжаціся стаў.
I ў душы згартаваўшы намер
Ўсё жыцьцё ад яе не адстаць,
Стаў я окліч яе пераймаць,
Які здалі казаў: „Толькі вер
Й не глядзi, што наўкола цябе
Непрабачная ночка стаіць;
Бiся з цьмою[4] і ў той барацьбе
Ты патрапіш мяне улавiць“.
Што далей — мой увераней крок,
Што далей — й яна бліжай ка мне,
I мой цьвёрды ваяцкі зарок
Хутка-хутка яе нажане[5].
|