Яна ідзе
Магутным, цьвёрдым крокам,
Няспыннай сілаю разгону,
Закону
Вечнага развою падухільна.
Ня зьмерыць ходу яе вокам,
Ня згледзець узмахаў многамільных.
Яна ідзе
Варужная кіпучай працай,
Натхненьнем узбураная палкім,
Цьвітучая душою і пастацяй.
Маладымі,
Агнявымі
Глядзяць яе, як зоры, вочы
Ў прагалак высьветленай ночы,
Ў далечы раньняга сьвітаньня.
Нясьціханна
Калыша вір уздымных рухаў.
Завірухай
Гнілы устой упартай цішы…
Яна ідзе,
Агнём пякучым знакі піша
На кожным кроку, што праміне.
І сіла ўжо ніч’я ня спыне
Да векаў скону
Яе рашучага разгону…
Яна ідзе
Ў зялёнай пышнай руні,
Ў развойным, шумным веснаходзе
Настрэчу царственай Свабодзе…
..............
|