Цішка Гартны (1923)/Выбраныя творы/Да Нёмна

Я люблю… Да Нёмна
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1923 год
Неба і зямля
Іншыя публікацыі гэтага твора: Да Нёмна (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Да Нёмна.

Эх ты, Нёман-рака,
Ці ты думаў, ці сьніў,
Як сьлязу мужыка
Ў свае воды лавіў;

Як стаяў над табой
Сын нядолі худы
І над цёмнай вадой
Сьпяваў песьні нуды?…

Што надыйдзе пара —
Зьнемажэньне міне,
Адраджэньня зара
Над народам блісьне?…

Што з балючых грудзей
Беларусі дзяцей
Над табой загудзе
Песьня вольных людзей.