Чырвонец
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
Крыніца: Расстраляная літаратура, 2008


У меставай браме, дзе люд плыве ракой і варта моцная дзень-ноч пільнуе, схіліўся я й падняў чырвонец паўнаважны з-пад ног людскіх, — якога перш не бачылі ранейшыя хадзьбіты.
Кругом мяне натоўп зрабіўся.

Казалі мне адны, што я падняў от свежую іх згубу… Другія — што я не першы звочыў, што дзель яны павінны ўзяць з маёй знаходкі.

Старожы ж, каб сагнаць натоўп, усім крычалі, што я місцюк, што я кастыг за пенязь выдаю: «Бо хто на бітым шляху па золаце таптаў бы, чакаючы „яго“ прыходу з падарожы?!»

І ўсе паверылі старожы…

(1926—1927)