Шляхам жыцьця (1913)/I/Мінуты шчасьця

Я ад вас далёка… Мінуты шчасьця
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Вячэрняя малітва
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мінуты шчасьця.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мінуты шчасьця.

Сплылі ў душу з высі высокай
І зацьвілі ў ёй яснавока,
Як сьветласьць бледная аблокаў
На дальнім летнім небасхілу.

Цвілі, гулялі пераліўна
Сьвітаннем новым долі дзіўнай;
У казку волі неспажыўнай
Цяклі нявыплаканай сілай.

Вялі па сьцежках нехаджалых,
Арлом узносілі на скалах,
Карону клалі ў міртных хвалах
На ўсей будзеннасьці завілай.

Так асенялі, панавалі,
Як сонца блеск на вод крышталі,
Аж пацягнулі выжэй, далей
Туды, аткуль сышлі так міла.

Вітаю іх і не вітаю,
Стаю, як пільгрым на разстаю
Ў чужым далёкім недзе краю,
Як над пустой стаю магілай.