Шляхам жыцьця (1913)/I/Не для нас…

Не спадзейся… Не для нас…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Чаго хмурыцца…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Не для нас…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Не для нас…

Не для нас гэта сонейка майскае
Загуляло на небе высокім
Сеяць думкі вясенніе, райскіе,
Гэт, па сьвеце вялікім, шырокім.
Не для нас ніва намі ўспаханая
Заірдзелася ўсходам пасеваў,
І ўся ветрам, як дым, калыханая
Бье паклоны на права, на лева.
Не для нас упрыгожылісь кветкамі
Сенажаці-лугі над рэкою,
Хараствамі нязьдзіўнымі, рэдкімі
Вабіць вока, шэптацца з душою,
Не для нас, не для нас распускаецца
Гэты сад, гэта вішня, чарэсьня,
Не для нас, не для нас разліваецца
Салавейкава звонкая песьня…
Сонцэ паліць нам грудзі збалелые,
Ніва ласкі над намі не мае,
Пот ліём па лугох мы дні цэлые,
Ціж тут міла і песьня якая?!
З дня на дзень, з года ў год, як пакутнікі,
Бьёмся, гінем і шчасьця не бачым;
Працай жывюцца нашай прыблуднікі,
А мы толькі ўздыхаем і плачэм…