І зелень, і кветкі, і песьні,
І неба вясёлая яснасьць…
Ні цьмы тэй, ні сьнегавай плесьні,—
Дзе глянешь,—адна, братка, шчаснасьць!
Сьвет цэлы зіяе каберцам,
Шум нейкі ад пушчаў нясецца,
З грудзей як ня выскачэ сэрцэ,
Душа кудысь рвецца… ўсё рвецца…
Прачнуліся нівы і хаты:
Ўся ў полі людзкая сямейка;
За сошкай шнуруе араты,
Ля статку іграе жалейка;
З сяўнёю сявец пахаджае,
На скібіны валіцца зерне;
Знаць, сіла ў сеўца не малая…
Захочэ—і сьвет пераверне!
Гэй, гэй, хлебаробе мазольны,
Пан сошкі і коскі, і поля!
Кінь выгляд сьлязлівы, нявольны:
Ў тваіх руках слава і доля!
|