Шляхам жыцьця (1913)/II/Сёмуха

З песень аб вясьне Сёмуха
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
З летніх малюнкаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сёмуха (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сёмуха.

Нарэшце па віхрах, па сцюжы
Заглянуў вясеньні прасьвет;
Ці чуеш, ці бачыш, мой дружэ,
Як іншы, як лепшы стаў сьвет?
Ці бачыш, як небо міргае,
Як траўкай сьмяецца земля?
Ці чуеш, што кум-лес нам бае?
Паймі, колькі ў рэчцы жыцьця,
А глянь ты на вёску на нашу,
На брацёў забытых у ей,
Я знаю, як доля іх страшэ,
І колькі ім зводзе надзей.
Вот Сёмуху вышлі—спаткалі,
Надзелі сьвяточны убор,
Зялёнай галінкай уткалі
Святлічку і ганак, і двор.
І цешацца людзі, як дзеці;
Сягоньня труд скінуўся з рук,
Хоць заўтра на белым на сьвеці
Ах, колькі чэкае іх мук!..