Шляхам жыцьця (1913)/II/Хохлік

Ў вечным боры… Хохлік
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Чорны Бог
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хохлік (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хохлік.

Як зайграе ў лесе хохлік—
Замірае песень воклік;
Як зачэпе мох і лозы,—
Аджываюць сьмех і сьлёзы…
Ў цёмным яры скачуць чары,
Кветка чахне на папары,
Лісьць трасецца на асіне,
Вогнік блукаецца сіні.
Бародой Лясун ківае,
Шалы нетрай спавівае;
Ваўкалак за дамавінай
Выпаўзае на пуціну.
Ад загона да загона
Хохлік царскаю каронай
Карануе у сусьветы
Сухалесы, пустацветы.
Хохлік грае, ведзьма скачэ,
Ноч сьмяецца, сонцэ плачэ,
Толькі песень не чуваці
На стаптанай сенажаці.