Шляхам жыцьця (1913)/III/Над рэкою ў спакою…

Ты прыдзі… Над рэкою ў спакою…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Як у повесьці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над ракою ў спакою.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Над рэкою ў спакою.

Над рэкою ў спакою,
Зацьвітала каліна;
У сяле за рэкою,
Вырастала дзяўчына.
Да залёнай каліны
Прылетала зязюля;
Да дзяўчыны-маліны
Удаваўся Януля.
Над рэкой, дзе каліна,
Сенажаць церабілі;
У сяле, дзе хлапчына,
У паход затрубілі.
Перэстала каліна
У цьвяточкі ўбірацца;
Перэстала дзяўчына
З ненаглядным стрэчацца.
Бедавала зязюля,
Што каліны не стала;
Бедавала матуля,
Што дзяўчына ўсыхала.
Па рэцэ гналі хвалі
Ў даль галіны каліны;
Людзі ў рэчцы шукалі
Самагубкі—дзяўчыны…
Над рэкою ў спакою
Зацьвіла зноў каліна,
А ў зямельцы пад ёю
Спала наша дзяўчына.