Шлях. Каля шляху лес хілкі.
Вёска, дзе лес, і магілкі;
Ў вёсцэ—с сьвятліцай хаціна,
Ў хаце—з бабуляй дзяўчына.
Там жэ паблізку стаяла
Гэткая-ж хатка без мала,—
Хлопец у хаце жыў з дзедам,
Быў тэй дзяўчыны суседам.
Звалі дзяўчыну Маланкай,
Хлопца, чуў, клікалі Янкай;
Зналіся з малку абое,
Зналі і сёе, і тое.
Кожны год, цёплай вясною
Ў поле шоў Янка с сахою;
Кужэль Маланка снавала,
Цэўкі сукала і ткала.
Ў летку клепаў хлопец коску,—
Шоў луг касіці за вёску;
Сена дзяўчына сушыла,
Ніўку жаць потым хадзіла.
Жыта ляшыў ён у восень,
Ці біў лучыну із сосен;
Шла яна бульбу капаці,
Ці лён чэсала у хаце.
Сані ён ладзіў зімою,
Ехаў, ці йшоў ў лес с пілою;
Часам яна ў лес хадзіла,
Ці на таку малаціла.
Далей, не так ужо далей:
Янку кудысьці пазвалі,
Там пасадзілі за штосьці,
Не атпусьцілі і ў госьці.
Болей яго я не бачыў;
Чуў, што ня вельмі там скачэ,—
Нешта капае, валочэ,
Ждучы ўсё сонейка ў ночы.
Ну, а дзяўчына?.. Э, што там!
Збаю калісь аб ёй потым…
Людзі-ж казалі, што Янка
Вельмі любіўся з Маланкай.
|