С-пад прысад агарода бледны ўбег ваевода
У палац свой са злосьцю й трывогай;
Дзе ў бакоўку дзьвер—стануў, у пасьцель жонкі глянуў
Глянуў там і не ўбачыў нікога.
Ў дол патупіўшы вочы, ўвесь дрыжыць, штось мармочэ,
Вусы тузае, думае дзіка;
Адышоў ат пасьцелі, жутка зрэнкамі стрэліў,
Казака ту-ж Навума паклікаў.
Гэй, казачэ, ты, хаме! Што́ у садзе пры браме
Ні сабакі німа, ані стражы?!
Браць мне торбу барсучу і янчарку гайдучу,
С цьвека стрэльбу цягні мне ураз-жэ!
Ўзялі броню—і ходу!.. Патцякліся к гароду,
Дзе шпалеры альтану абселі…
На дзярновым пасадзе штось бялее у садзе:
Там сядзела кабеціна ў белі.
Броўкі ручкай адною закрывала касою,
Грудзі крыла рубком кашуліны,
А другою—памалу ат сябе атпіхала
Што ў калень яе кленьчыў, мужчыну.
Той прыпаўшы к каленням гаварыў ей с цярпеннем:
Дык усё, што было, ўжо далёка…
І твае уздыхання, і тваё прывітанне
Аткупіў ваевода гатоўкай.
Я, хоць верным быў гэтак табе столькі ўжо летак,
І любіць, і цярпець мушу здаля,
А ён с сэрцэм каменным бразнуў золатам зменным,—
Ты яму прадалася без жалю.
Ён што вечара будзе песьціць белые грудзі,
С табой цешыцца ў пуху лебяжым;
На маю на загубу цалаваць шчочкі, губы
Твае будзе цалункам уражым.
Я на коніку верным гэтым полем бязмерным
Мкну сюды, за мной—холад і слоты,
Мкну вітаці ўздыханнем і ад’ехаць з жаданнем:
Добрай ночкі і доўгай пяшчоты.
Ўсё яна йшчэ, як глуха; ён ей шэпчэ на вуха
Тые жальбы, ці новы закляцьця;
Аж прымлеўшы, без сілы ручкай грудзі аткрыла
І ў яго патанула абняцьце.
Ваевода с слугою сталі ту-ж пад вярбою,
І з-за пояса бралі набоі,— Атсекалі зубамі, прыбівалі штымплямі
Жмені пораху й шроту удвое.
Пане!—так казак клічэ,—нейкі чорт мною смычэ;
Не магу я застрэліць той дзеўкі:
Як свой курак адводзіў, я ўздрыгнуў, бы на лёдзе,
І зьляцела сьлеза да панэўкі.
Ціха!.. Кінь, хаме, кракаць, я наўчу цябе плакаць…
На, тут с порахам гданскім сакеўку;
Ўсып патпалу а жыва, ногцем шчысьці красіва,
Ды ў свой лоб стрэль, ці ў гэтую дзеўку.
Ў права… выжэй… памалу… жджы майго самапалу:
Жаніха перш зьмяту на заўсёды!..
Ўзьвёў казак курак, сцэліў, не чэкаючы, стрэліў,
І ўгадзіў ў самы лоб ваеводы.
|