Шляхам жыцьця (1913)/VII/Варажбітка

Тры дарогі Варажбітка
Верш
Аўтар: Марыя Канапніцкая
1913 год
Арыгінальная назва: Idzie cichy wiatr przez pole…
Пераклад: Янка Купала
Родны дом
Іншыя публікацыі гэтага твора: Варажбітка (Канапніцкая/Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Варажбітка.

Вецер коціцца па полю,
Жытні колас гнецца прытка;
Гэй, цыганка-варажбітка,
Варажы мне маю долю,
Варажы яе с чырвонай
Зоркі, што над хатай льсьніцца,
С таго шуму, што так мчыцца
Ад дубровы ад зялёнай.
Варажы з рукі яе мне,
З рукі правай, мазалістай,
І с крынічкі таей чыстай,
Што бурліць так па каменню.
Варажы мне добрым словам
С тэй вясёлкі многакветнай,
І с тэй кнігі, с тэй прасьветнай,
Што аб шчасьці кажэ новым.
… Тваей долі німа ў кнізе,
Ні ў вадзіцы, ні на небе,
Толькі ў чорным тваім хлебе,
Толькі ў світцэ, рванай рызе.
Ні на зорку залатую,
Ні с крыніцы шумнай чыстай,
А з рукі тэй мазалістай
Мужыку тут варажу я.
Ой, ты будзеш, будзеш панам,
Ні то князям, ні гэтманам:
Тваё царства ўецца кругам,
Дзе ня пройдзеш толькі плугам.
Бачэн будзеш ты ў чырвені,
Што с крывавым потам льецца,
І ў тым золаце—прамені,
Што ад коскі адабьецца.
Скарб ты выарыш багаты
З нівы гэтай зааранай:
І таляры, і дукаты,
Толькі-ж не сабе, а пану.
А шлюб возьмеш ты с царыцай,
Што жыццё усё с табою
Не захочэ разлучыцца…
Ой, возьмеш ты шлюб з бядою.
Днём нашле сон, ночкай збудзе,
Сцерагчы будзе парога;
Ані з ёй табе у людзі,
Ані з ёй табе да Бога!
Як вясною ўсходзюць кветкі,
Падымаюцца хмурліва,—
Укалышэ твае дзеткі
Песьней голаду сьлязлівай.
Жджэ цябе дарога з ёю,
Ў доўж і ў шыр саўсім малая,
А ў зямлю глыбей за тое,
А ў гару—аж зор хватае,
Па ёй будуць цябе весьці
Твае волікі сівые
І званы аж вежай трэсьці
На магілкі на старые.