Як ажыцьцёвіць ідэю Уніі? (Рэшаць)

Як ажыцьцёвіць ідэю Уніі?
Артыкул
Аўтар: Язэп Рэшаць
1932 год
Крыніца: Да Злучэньня! — Студзень 1932. — №1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ідэю Уніі ажыцьцёвіць можна толькі любоўю Хрыстовай. А дзе шукаць тае любові? Яе знойдзем у цёплым хрысьціянскім сэрцы.

Чалавек найбольш цэніць сваё жыцьцё і найгарачэй жадае ягонага развою ў меру сіл і магчымасьці. Жыцьцё гэнае ёсьць ня толькі асабістае, але і грамадзкае, ня толькі фізычнае, але так-жа і маральнае. Хрыстос, што прышоў на сьвет, а прышоў дзеля найважнейшай людзкой справы, тое-ж іменна і кажа: „каб (людзі) жыцьцё мелі, ды больш яшчэ яго мелі“. Вось чаму ўсякая хрысьціянская ідэя, як тая, што мае для нас характар жыцьцёвы, павінна знайсьці ў душы нашай найбольшую пашану, найвялікшую ацэну; калі чалавек цэніць жыцьцё сваё, дык цаніць мусіць адначасна і ўсё тое, што жывым нэрвам злучаецца з ім.

Хрысьціянскае жыцьцё, як ужо сама назова кажа, творыцца ў сэрцы людзкім і разьвіваецца Хрыстом. Будучы „человѣколюбецъ" Хрыстос, цеплатой Сэрца свайго, сваей боскай любоўю ажыўляе нашу істоту павевам зусім новага жыцьця, кэторае затым і дыхае ўсёцэла сьвежай звышпрыроднай энэргіяй. Хто гэтага не разумее, або мала верыць, каму хрысьціянскае жыцьцё — толькі сухая форма, той няхай лепш не бярэцца зусім за справу царкоўнай Уніі. Ён справу гэту толькі сапсуе, а не наладзіць. Трэба цьвёрда помніць тое, што Унія царкоўная ёсьць іменна жыцьцёвай праяваю душы хрысьціянскай.

Любоў Хрыстова, разьвіваючы ў нас божае жыцьцё, імкнецца да таго, каб злучыць пад сабой усіх людзей цэлага сьвету. Гэтае злучэньне становіць адну вялікую сям’ю — Цэркву Хрыстовую.

Маем перад сабой вялікія абшары паганскага сьвету і любоў Хрыстова нагліць, прымушае хрысьціянскае сэрцэ йсьці туды. Ідуць місыянэры і пашыраюць там хрысьціянства з дня-на-дзень.

Глядзім так-жа на шырокія разлогі праваслаўнага сьвету і любоў Хрыстова ўкладае ў хрысьціянскае сэрца вялікае заданьне Уніі царкоўнай. Толькі Унія прадстаўляецца тут нам ужо не як факт існуючай еднасьці арганізаванага хрысьціянскага жыцьця, а, на-жаль, як патрэба, балючая патрэба злучэньня разьдзёртага, разарванага жыцьця царкоўнага.

Адкуль-жа такое няшчасьце, што было прычынай разьдзелу, разрыву жывой царкоўнай еднасьці? Як еднасьць творыцца любоўю, так разьдзел вынікае з прычыны адсутнасьці гэтае любові. Добра было сыну ў бацькавай хаце, любоў сямейная ў адно злучала ўсе іхнія думкі і пажаданьні: аж не, — хачу, заяўляе сын, жыць самастойна, сямейная любоў мне больш не да ўспадобы. — І гэтак, бачым, адпадае ён ад цёплага сямейнага сэрца. Добры бацька аднак не перастаў думаць аб сваім сынку, ягонае сэрца білася ўсьцяж жывым пажаданьнем прыняць ізноў да еднасьці, да згоды блуднае сваё дзіця. І тая еднасьць навязалася, але дзякуючы толькі таму, што сямейная любоў аджыла йзноў у сэрцы адпаўшага сына і вярнуўся назад ён да добрага свайго бацькі. Цяжка было варочацца, гэтулькі ўжо ўсялякіх перашкодаў загарадзіла паваротную дарогу. але не — любоў крапчэйшая за ўсё: за страх, за стыд! Любоў людзкога сэрца даканала ажыўленьня: еднасьць прарваная ўзноў навязалася.

На хрысьціянскае сэрца Ўсходу павеела іншым духам і пачало яно стыгнуць, аж урэшце дайшло да разьдзелу з Рымам. Што-ж такое быў той „іншы дух“? Як даканаў ён таго няшчаснага разрыву? Дух гэны, што студзіць цёплае хрысьціянскае сэрца — гэта людзкое самалюбства, дух сьвету. Царква ўсходняя сказала: хачу жыць незалежна, самастойна, не хачу прызнаваць над сабой ніякай павагі вышэйшай! Не пакланюся... над зоры ўзьнясуся...! Прагавітасьць гэтага сьвету паказала ёй іншую дарогу, пашла шукаць сабе шчасьця, свабоды, а знайшла няволю і паніжэньне. Бо дзе Дух — там свабода, а дзе „зямля“, там няволя. Адлучаючыся ад Рыму, усходняя Цэрквэ замкнулася ў сябе, а сьвецкая бізантыйская палітыка дала ёй пячаць сваю ўласную: робіцца рэлігіяй нацыянальнай і служыць інтарэсам улады сьвецкай, дзяржаўнай. Не магла далей быць царкоўная еднасьць, бо не адзін той сам дух ажыўляў Ўсход і Захад. Рым, як той добры бацька, астаўся з цёплым сваім сэрцам і з гарачым пажаданьнем хрысьціянскай еднасьці, а Ўсход, на-жаль, стаў жыць ласкай сільных гэтага сьвету. Разумеецца, дух дзяржавы і дух Цэрквы гэта далёка не адно, ня тое самае. Вось дзе граніцы разьдзелу і глыбокая пропасьць і адначасна поле да паразумленьня, узаемнай згоды і еднасьці супольнага жыцьця.

І няўжо-ж Усходняя Цэрква не адчувала ніколі патрэбы злучэньня? Адчуваць мо’ і адчувала, але голасу свайго ня мела, бо была залежнай ад дзяржавы, каторай служыла. Урэшце голас гэны ня мог быць моцны, калі жыцьцё яе праймаў той-жа дух сьвецкі, дзяржаўны.

У Флёрэнцыі (1439 г.) завязывалася еднасьць, тварылася Унія, але над ею насіўся дух іменна гэтага сьвету, інтэрас палітычны Палеолёга, цара грэцкага. Такая унія, разумеецца, як вынік палітыкі, Унія ня з вымогі жыцьця хрысьціянскага, доўга трываць не магла.

У Берасьці (1596 г.) завязывалася Унія на землях беларуска-украінскіх, але гэтай уніяй замнога цікавіўся польскі кароль Жыгімонт III. Быў гэта твор палавічны бо адначасна і з духа палітычнага.

На-жаль. як часта і сягоньня Унія трактуецца з пункту гледжаньня земскіх толькі інтарэсаў палітычных. Але такі твор ня будзе злучаны жывым нэрвам з жыцьцём хрысьціянскім. Ён на сабе будзе насіць пячаць дачаснага факту і долю ягонай зьменнасьці. Разумеецца, што Унія, як справа Божая, сьвятая, карысна адаб’ецца на палітычных, нацыянальных інтарэсах дзяржавы і народу; але не дзеля гэтага шукаць і тварыць яе трэба. Інтарэсы гэныя ёсьць заўсёды вечным вонкавым у справе Уніі. Унія выклікаецца самым унутраным жыцьцём цёплага хрысьціянскага сэрца, а пабуджаныя з надворку, жыцьцёвага імпэту ніколі ня зловіць. | “Шукайце прадусім царства Божага (жыцьця сьвятога хрысьціянскага), а ўсё рэшта дадасца вам", дадасца вам дабрабыт — і палітычны і нацыянальны.

Тое, што разьдзел выклікала, тое яго і падтрымлівае, тое і цяпер служыць перашкодай да злучэньня. Сяньня на землях беларуска-ўкраінскіх палітыка ані грэцкая, ані маскоўская ў нас больш ня існуе, а ўсё-ж дыкі ўплывы яе ўсьпелі глыбока праесьці душу нашых народаў і яны цяпер бароняцца ад Уніі іменна дзеля чужых застарэлых палітычных інтарэсаў, каторымі аскарупела іхняе жыцьцё. Ня дзеля спорных пунктаў веры, абраду, ня дзеля абароны праваслаўя, як такога, але дзеля тае вонкавай скарупы, скарупы як бы прыросшай да народнага жыцьця, адказваюцца яны сягоньня ад Уніі. І сапраўды, з чыстай беларускай душой, вызваленай зусім ад уплыву маскоўскага, куды лягчэй гаварыць аб Уніі, чымся з людзьмі старога пагляду царскага, пагляду шкоднага шчыраму хрысьціянскаму жыцьцю.

Вызваліць тады трэба душу беларускага народу з усяго. што затрымлівае ў ёй развой жыцьця хрысьціянскага. * І калі ідэя, кліч Уніі ўпадзе на чыстае сэрца, сагрэтае Хрыстовай любоўю, адазвуцца ў ім дрэмлючыя сілы і ўздыхне яно тады жывым пажаданьнем хрысьціянскай еднасьці. Унія гэткая будзе творам жывым, вырасшым з цёплага хрысьціянскага сэрца: будзе тым, чым быць павінна.

а. Я. Рэшэць.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.