Творы М. Багдановіча (1927—1928)/II/I/1
← М. Багдановіч | 1. І. Няслухоўскі Крытыка Аўтар: Максім Багдановіч 1928 год |
2. Глыбы і слаі → |
I.
ГІСТОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ і КРЫТЫКА.
1.
1910.
Малую літаратурную спадчыну пакінуў нам І. Няслухоўскі, усяго толькі дзюжыну вершаў… Але прычыну гэтага трэба шукаць не ў бясплоднасьці таленту песьняра, а ў агульным характары таго часу, на каторы прыпадае яго пісьменьніцкая праца. На вялікі жаль гэта былі нудныя 80-я і 90-я гады, калі ўсякая жывая справа зараз-жа і зацісківалася, калі грамадзянская думка крэпка спала, калі ўсё жыцьцё якась пашарэла і прынікла. Ня трэба і казаць, што ніякага колькі-небудзь прыкметнага беларускага руху тады і ў паміне ня было, бо нацыянальная сьвядомасьць не магла разьвіцца ў народзе бяз помачы ўласнай інтэлігенцыі, а яна толькі што яшчэ пачынала адслаівацца. Праўда, на вялікім абшары нашага краю патроху зьяўляліся людзі, так ці сяк дарабіўшыяся да нацыянальнага самапачуцьця, а разам з тым ужо пачала аджываць і замершая лет на 15 беларуская пісьменнасьць: [перадрукоўваўся] Марцінкевіч, зьявілася колькі ксёнжачак Ельскага, пераклад Гаршынаўскага апавяданьня „Сыгнал“, вершы Бурачка, Каганца, Шункевіча і інш. Але да народу гэтыя творы бадай што не даходзілі, а спольшчаная і абруселая беларуская інтэлігенцыя пачытывала іх з усьмешкай, як нешта мілае, і у той-жа час бадай што ні для чаго непатрэбнае. „Надта-ж яно міла думаць думкі і, як дзеці, пушчаць пузыр з мыла“… Паміж яе мог здабыць вядомасьць хіба толькі „Тарас на Парнасе“, каторы і перавыдаваўся шмат раз. Пры гэткіх умовах пісьменьніцкая праца не магла быць колькі-небудзь напруджанай, што і адбілася на малым ліку твораў Няслухоўскага. Так і здаецца, што пісаліся яны „паміж сур‘ёзнымі справамі“, калі выдаваўся вольны час і доўга ‘шчэ потым ляжалі ў скрыні песьняра. Але гэтая марудасьць працы мела і свой добры бок, бо павэдлуг яе паміж твораў Няслухоўскага няма пісьменьніцкіх выкідышаў, каторыя так нярэдкі цяпер. Талент яго ўстаў перад чытачамі ва ўвесь свой рост…
Увагі
правіць1. Ів. Няслухоўскі. Няскончаны артыкул. Друкуецца з аўтографу (1, 3.).
У адным з сваіх лістоў (IX — № 4) М. Б. піша: „пачаў крытычную стацейку аб Няслухоўскім“. Ліст даты ня мае, але са зьместу можна лічыць, што ён напісаны быў яшчэ да падарожы пісьменьніка ў Вільню, мабыць у 1910-м годзе.
Да 3 стар. Перадрукоўваўся ўзята ў дужкі, як папраўка, дапушчаная Камісіяй (у аўтографе стаіць „перадруківаўся“). — Зьявілася колькі ксёнжачак Ельскага. Ельскі беларускі пісьменьнік і культурны дзеяч (1834—1916); яму належаць пераклады, некаторыя ўласныя вершы, популярна-асьветныя брошуры і выданьні народных твораў. Выраз Надта-ж яно міла думаць думкі, і як дзеці, пушчаць пузыр з мыла… узяты Багдановічам з вершу Няслухоўскага „Надта салодкія думкі“ („Вязанка“. Петр. 1903, ст. 19).