1. І. Няслухоўскі 2. Глыбы і слаі
Крытыка
Аўтар: Максім Багдановіч
1928 год
3. Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасьці да XVI сталецьця
Іншыя публікацыі гэтага твора: Глыбы і слаі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




2.

ГЛЫБЫ І СЛАІ.

АГЛЯД БЕЛАРУСКАЙ КРАСНАЙ ПІСЬМЕННАСЬЦІ 1910 г.

1911.

I.

Прыглядаючыся да навейшай беларускай пісьменнасьці, можна лёгка прыкмеціць адно цікавае і карыснае зьявішча, яе аднакалёрны слой, што зьліўся з сотняў пісьменьнікаў насьледнікаў Багушэвіча, найчасьцей зьнікаўшых пасьля аднаго ці двух твораў; гэты слой стаў патроху дзе-не-дзе сьцясьняцца, у ім зьявілася колькі ядзер, сабраўшых у сабе ўсю яго яркасьць, з кожным годам усё болей узрастаючых і ў сваім разьвіцьці прымаючых больш-менш асабістыя колеры.

Значэньне гэтага руху вельмі важнае, бо толькі пры ім літаратура мае змогу не таптацца на адным месцы, а расьці і ўшыр і ўглыб. Ня трудна зразумець, чаму гэта так. Усякі выясьніўшыся, абасобніўшыся пісьменьнік хоць-бы праз адно гэта стаіць на крок уперадзе пісьменьнікаў-аднаднёвак, вабіць іх сваёй яркасьцю, як аганёк матылькоў, і, прывабіўшы, гуртуе вакол сябе, творыць літаратурны кірунак. Так у руху разьвіцьця пісьменнасьці адкладаюцца новыя наслаеньні, пад колер тых глыб, што яркімі плямамі ўрэзаліся ў іх. Праўда, не ў апошнім гаду пачаўся гэты рух, але толькі ў ім разьвіўся ён з асаблівай сілай. У памяці чытача затрымалася колькі новых імён і ясьней адзначыліся асобнасьці літаратурных твораў цікавейшых папярэднікаў пісьменьнікаў. Апошняе тым больш б‘е ў вочы, што аж трое з гэтых пісьменьнікаў сабралі свае творы ў адно, аглянуліся на пройдзены ў колькі год шлях, перагледзелі здабыткі сваёй працы. Гляньма-ж на іх і мы.

Як і ў 1909 гаду, найбольш увагі зьвяртае на сябе Я. Купала; зьвяртае ня толькі велічынёй сваёй здольнасьці, але [і] гібкасьцю яе, здатнасьцю да ўсестароньняга разьвіцьця. Гэта бадай адзіны наш пісьменьнік, каторы ідзе ўперад, вядзе нейкую ўнутраную працу і, зрабіўшы ці мала, не супыняецца аж да гэтага часу. Каб даць паняцьце аб усёй моцы жыцьцёвых сокаў яго таленту, мы на мінуту вернемся аж да першых крокаў яго пісьменьніцкай працы.

Пачаў ён з шурпатых вершаў, амаль ня зусім зьліваўшыхся з тагочасным слоем беларускай поэзіі; напісаныя пад „Бурачка“, залішне расьцягненыя, слаба апрацаваныя з боку формы і мовы, яны ўвесь час перапявалі некалькі адных і тых-жа тэм. Але ня кволасьць таленту, а толькі як-бы нейкая нядбаласьць выглядае зусюль: бо чым, апроч нядбаласьці, можна вытлумачыць зьяўленьне хоць бы такіх слоў, як: „Спалі вас, песьні, дым (?) чырвоны (?)“. („Жалейка“, стр. 134), „Гарыста яна“ („Беларусь“) (стр. 102), „Барабаніў плуг“ (стр. 104) і т. д. І ўсё-ж-ткі ці можна за гэта Купалу вельмі вінаваціць? Захоплены вобразам прападаючай Беларусі і лічачы, што пясьняр перш за ўсё павінен быць грамадзянінам, ён усю ўвагу зьвяртаў на тое, што казаў, ня цікавячыся зусім, у якія формы і як выліваліся яго думкі. І што-б там ні было, а ўсё-ж-ткі ён будзіў гэтымі вершамі душы чытачоў, дый ня толькі таму, што ліліся яны з шчырага сэрца і ў роднай мове: не, і тады ўжо ў яго творах відаць быў нязвычайны поэтычны талент. Ня раз і ня два прабівалася там яркая і моцная думка, пара-другая поўных пачуцьця і зычных вершаў, хаця яны, праўду кажучы, зараз-жа і зьнікалі, быццам і зьяўляліся толькі для таго, каб лепш кідалася ў вочы агульная слабасьць вершаў.

Тое-ж самае, здаецца, прышлося б сказаць і аб „Адвечнай песьні“, — поэме, выданай у апошнім гаду, але напісанай яшчэ ў 1908 г. Гэтая пацерка з невялічкіх гутарак-вершаў зусім зьбіваецца на „Жалейку“: зьмест іх той жа самы, форма, праўда, гладзей, але ня вельмі, і ўсё-ж-ткі яны пакідаюць глыбейшы сьлед у душы чытача; увесь сакрэт гэтага ляжыць у цэльнасьці іх, бо разьмешчаны яны павэдлуг аднэй і тэй-жа думкі і ўвесь час дапаўняюць, падтрымываюць адзін аднаго. Усё жыцьцё мужыка праходзіць перад нашымі вачыма, і няма там ніводнага моманту, каб ня ліліся сьлёзы, і няма ніводнага пуці да лепшай долі, няма нічога лепшага за сьмерць… Бязвыхаднасьць, безнадзейнасьць — вось што чуваць ва ўсёй поэме, што цяжкім каменем кладзецца на душу чытача пасьля кожнай праявы. Некалькі іншым тонам напісана толькі „вясельле“, бадай ці не найлепшая частка поэмы. Калі што яму і шкодзіць, дык мо‘ толькі такія словы, як „кадрыля“, „парад“ і т. п., а ўсё другое, — і бойкі рытм, і рыфмы на сярэдзіне строк, і нават нейкая грубаватасьць вельмі жывой мовы — усё на сваіх мясцох, усё надта добра падабрана да зьместу. Што датыкаецца да найслабейшага боку поэмы, дык на наш погляд — гэта грубы сымболізм, прыпамінаючы дзе якія кепскія месцы з твораў расійскага пісьменьніка Л. Андрэева.

Але на „Адвечнай песьні“ Купала не затрымаўся. Так, у палове 1909 г. яго талент, дасюль глуха клакатаўшы пад шэрай карой „Жалейкі“, прабіўся на волю і паказаў, якую ён таіць красу і моц, бліснуўшы такімі вершамі, як „Жніво“ („Н. Н.“ № 29), „Ноч за ночкай ідзе“ („Н. Н.“ № 37), „Адгукніся, душа“ („Гусьляр“, стр. 10), „А як мы з хаткі выходзім“ („Гусьляр“, стр. 14), „Зазімак“ („Гусьляр“, стр. 52), „Памяці С. Палуяна“ („Гусьляр“, стр. 55) і др. Праўда, вершаў цаліком добрых з боку формы ў Купалы і цяпер яшчэ ня шмат; да таго ж і зьмест іх не адзначаецца асаблівай глыбінёй і надзвычайнасьцю, складаючыся з старых грамадзянскіх і Горкаўскіх мотываў, ды з водгукаў так званага „модэрнізму“; але ўсё-ж-ткі талент Купалы ўзрастае, пашырае круг сваіх тэм і ўжо не галосіць (ці — лепей — ня толькі галосіць), а ўжо павявае сьмеласьцю, жыцьцёвай сілай і пагардай. Гэтая перамена зьместу адбілася і на форме вершаў Купалы, асабліва на іх важнейшым, усё ажыўляючым нэрве — моцна забіўшым рытме. Буйны, шпаркі, ён падмывае, захоплівае чытача, гіпнотызуе яго, не дае апамятавацца, затрымацца і нясе яго ўсё далей і далей. Бадай што ва ўсіх леташніх вершах Купалы б‘ецца ён з вялікай сілай і гуртуе вакол сябе ўсё іншае ў іх. Каб здаволіць яго разгон, канцы строк аж зьвіняць, зьяўляюцца рыфмы і пасярэдзіне вершу, нават словы да яго падбіраюцца зычныя, моцныя; а калі ў мове сталецьцямі гнуўшагася беларускага народу не хватае іх, дык Купала ўжывае новыя, выкаваныя ім самым: ні ў жаднага нашага поэты няма такога багатага славара, як у Купалы. Мала таго: нават і дзе-якія слабыя бакі яго вершаў маюць прычынай усё тую-ж буйнасьць моцнага рытму. Захоплены ім, Купала не ацэнівае акуратнасьці сваіх слоў, кідаецца да першых папаўшыхся і нярэдка прыносіць сэнс вершу ў ахвяру яго зычнасьці. Лепшы прыклад таму, — даволі харошы верш „За годам год“ („Гусьляр“, стр. 21), збудаваны на адназычнасьці, на паўтарэньні адных і тых-жа рыфмаў і слоў, чым ён вельмі прыпамінае барматаньне якогась цёмнага загавору (глядзі так-жа верш „Гусьляр“ [той-жа зборн.], стр. 5, і др.). Яшчэ няпрыемней робіцца, калі Купала пробуе туману сваёй думкі прыдаць від асаблівай глыбіні, як, напрыклад, у вершы „Зьнямога“ („Гусьляр“, стр. 20). Хай добрай перастрогай для шаноўнага пісьменьніка будзе доля вельмі падобнага да яго расійскага поэты С. Гарадзецкага, каторы якраз на такіх вершах загубіў свой сьвежы талент.

II.

Другім цікавым зьявішчам у беларускай пісьменнасьці апошняга году была кніжка твораў Я. Коласа — „Песьні жальбы“. Цэльнай выглядае яна па сьветагляду, моцна зросшыміся адзін з адным здаюцца яе вершы, але ёсьць у ёй і якаясь акамянеласьць: на працягу аж 4-х гадоў Колас не зрабіў значнага кроку ўперад і ў самых апошніх вершах пяе аб тым жа і так-жа, як і ў пачатку сваёй працы. Вядома, турэмнае жыцьцё не дае яму разьвівацца і павялічыць круг сваіх тэм. А іх у Коласа вельмі мала: бедныя абразы роднага краю, доля нашага народу, турэмныя думкі і жыцьцё, вось, здаецца, і ўсе тэмы яго твораў. Ужываючы іх бадай шмат разоў, ён ня можа не паўтарацца ня толькі ў агульным зьмесьце вершаў, але і ў асобных фразах і абразох.

Напрыклад, яшчэ ў № 3 „Нашай Долі“ (1906 г.) мы чыталі, што „На камінку корч пылае“, але зусім гэтак-жа „пылае ён“ і ў вершы „Маці“; гляньма на верш „У школу“ і там пабачым „Ярка на камінку смольны корч пылае“. Гэтакія паўтарэньні яшчэ болей павялічываюць аднатоннасьць вершаў, і без таго ня блішчучых ані красой формы, ані яркасьцю мовы, ані вобразнасьцю зьместу. Асабліва даецца ўсё гэтае ў знакі ў апісаньнях (на наш погляд — самай слабой часткі зборніку), бо як артыст-маляр Колас не стаіць вельмі высока, і ня ў пекнасьці формы мовы ці малюнку хаваецца цэннасьць яго вершаў, але ў праўдзівай — далёкай ад усякай хвальшы — любві да бацькаўшчыны; гэтая любоў, як цудоўная жывая вада ў казках, ажыўляе іх і робіць роднымі, блізкімі ўсякаму, у кім яшчэ ёсьць душа жывая, хто не забыўся аб долі свайго народу, а мо‘ і сам перажывае апісанае ў гэтых вершах. На жаль толькі, выключна лірычны талент Коласа рэдка падыймаецца да асаблівай сілы пачуцьця; але там, дзе мог разьвярнуцца лірызм поэты, разбуджаны жывымі праўдзівымі пачуваньнямі (гл. у „Песьнях жальбы“ аддз. „Думкі“, „3 турмы“), — там ёсьць і такія рэчы, як „Песьня няволі“, „Восенны дождж“, „Гусі“, „Восень“, „Уюцца думкі“, „У турме“ і інш. Можна-б паказаць, што там ці сям паміж іх спатыкаюцца русіцызмы, што апошні верш нагадывае А. Талстога („Край мой край…“), — але гэта ўжо драбніцы, і, ня гледзячы на іх, памянёныя вершы, як і сам Колас, павінны заняць пачэснае месца ў нараджаючайся беларускай пісьменнасьці.

Руху ўперад няма і ў жартах А. Паўловіча; куды ні зірні, усё той жа куртаты зьмест, гумар каторага зусім зьнікае ў надзвычайна расьцягнутых вершах, усё той жа валючыйся з ног рытм, тыя-ж абы-як толькі падабраныя рыфмы. Ёсьць і русіцызмы, ёсьць і зусім незразумелыя месцы. Мусіць і сам Паўловіч разумее духоўную і артыстычную беднасьць сваіх вершаў, бо, згуртаваўшы іх летась у зборнічак „Снапок“, шмат чаго туды і не памясьціў; але і пасьля гэтага вартасьць кніжкі асталася вельмі невялікай. Праўда, ёсьць у ёй і добрыя бакі: першае (што можна сказаць і аб усіх нашых пісьменьніках) — ён так ці сяк, але апрацоўвае беларускую мову і, працуючы ў ёй, нават і слабым вершам дае беларускаму чытачу болей, чым добры, але чужаземны поэт. Апроч таго ёсьць у Паўловіча колькі вершаў, каторыя сьведчаць, што ён мае змогу быць праўдзівым поэтам; толькі шмат працы трэба для гэтага і над формай вершу і над разьвіцьцём свайго духоўнага зьместу.

Што да Багдановіча, то і ў ім няпрыкметна шпаркага разьвіцьця, хоць асобнасьці яго таленту выступаюць ужо даволі ясна. Гэта поэт-маляр. Слабы, як лірык, ён усю сваю ўвагу зьвяртае на вобразнасьць зьместу вершаў і разам з тым клапоціцца аб згушчонасьці яго, спадзяваючыся прыдаць ім праз гэта асаблівую сілу; але, сьціснутыя павэдлуг такіх захадаў вершы іншы раз заміж малюнку даюць якісь абрывак яго. Што варта гэтая праца, сказаць пакуль што цяжка, а таму, адзначыўшы даволі шырокі круг тэм у гэтых вершах і бледнасьць мовы іх, я перахаджу да другарадных поэтаў.

Ёсьць тут і даўныя знаёмыя (А. Гарун, Г. Леўчык, Стары Ўлас, перапяваючы Коласа, Ц. Гартны), ёсьць і некалькі новых імён (Чарнышэвіч і Піліпаў), — але ніхто з іх ня даў нічога асабліва яркага. Лепшыя вершы Гартнага і Леўчыка — у „Календары“. Адна толькі Канстанцыя Буйла абяцае разьвіцца ў праўдзівы асабісты талент. Як мы бачым, рух, аб каторым гаварылася ў пачатку стацьці, адбіўся і тут: лік другарадных пісьменьнікаў значна павялічыўся; ёсьць перамены і ў зьмесьце вершаў, каторыя ўжо кіруюцца да новых мотываў і дзеля гэтага робяцца рознакалёрнымі. Што-ж датыкаецца да поэтаў-аднаднёвак, то іх у апошнім гаду бадай што ня было, а тыя, што і зьявіліся, давалі найбольш добрыя рэчы („Н. Н.“ 1910 г. — гл. Каганец, Крапіўка, Будзька і інш.).

Урэшце адзначым скончанае летась выданьне „Беларускіх песьняроў“ і зборнік народных песьняў (сабраў Грыневіч), цікавы і з артыстычнага боку. Наагул, ня дрэнную памяць пакінуў па сабе мінулы год у гісторыі нашай поэзіі.

III.

Пераходзячы да апавяданьняў, адзначым перш за ўсё двух пісьменьнікаў: Власта і Ядвігіна Ш. Вакол іх згуртаваліся чуць ня ўсе нашы аўтары апавяданьняў, вытварыўшы павэдлуг гэтага два асобныя слаі: адзін складаецца з невялічкіх рэчаў, каторым і назовы ніяк не падбярэш: апавяданьне — не апавяданьне, думкі ўслух — дык ня тое… адным словам, нешта зьбіваючаеся крыху на так званыя „вершы ў прозе“. Найчасьцей можна знайсьці там апісаньне прыроды і выкліканых яе відам думак, але ўсё гэта бледна, нудна, бяскрыла; да таго-ж аўтары іх маюць небагата духоўнага зьместу. Адзін толькі Власт здолеў даць у сваіх абразкох нешта цэннае. На жаль, ён іншы раз даволі моцна нагадуе польскіх модэрністаў (гл. „Мары“), у бытавых-жа апавяданьнях губіць лепшы бок свайго таленту — сумную поэтычнасьць. Але бывае, што на апісаньнях нашага шэрага жыцьця адбіваецца лірычны пад‘ём душы пісьменьніка і ўплятае ў вянок нашай літаратуры сьвежы яркі цьвяток (гл. ап. „Лебядзіная песьня“).

Другі слой склаўся з жартаў, разьвітых у дробныя апавяданьні. Вартасьць лепшых з іх у жывасьці мовы, у пэўным апісаньні народнаго быту, у тым, што яны папраўдзе караняцца ў народным творчастве і толькі разьвіваюць яго, уліваюць у літаратурныя формы, а таму яны блізкі і зразумелы народу.

Лепшай спадчынай, дастаўшайся нашай літаратуры леташняга году ад гэтага кірунку, былі бойкія казкі-апавяданьні Ядвігіна Ш. (напісаная другім тонам „Бярозка“ выйшла слабей), ды яшчэ дзе-якія рэчы другіх пісьменьнікаў („Ахвяра“ Гурло і др.). Сюды ж трэба далажыць і некалькі апавяданьняў, па зьместу свайму блізкіх да народнай мудрасьці („Гарэлка“ Я. Окліча, „Казка не казка“ Н.). Хоць і невялічкія гэта здабыткі, але і тут адбіўся агульны ўзрост нашай пісьменнасьці.

Урэшце, з нараджэньнем тэатру, зьявілася і яшчэ адно наслаеньне яе беларуская драма, праз каторую першы раз наша мова люнула моцнай хваляй з вёскі ў места.

З розных драм, напісаных у беларускай мове летась прадстаўлялі „Моднага шляхцюка“ — К. Каганца, і перакладную „Па рэвізіі“ і „Ня розумам паняў, а сэрцам“.

Ёсьць у нашай літаратуры і яшчэ адна драма — драма жыцьцёвая. 8 апрыля абарваў жыцьцё сваё на дваццатай вясьне Сяргей Палуян; а якая любоў да Беларусі таілася ў яго сэрцы, які шырокі, многабочны талент загінуў з яго сьмерцю — гэта можна зразумець і з глыбока-сымболічнага, напоўненага душэўным болем апавяданьня „Вёска“ і з другой рэчы „Хрыстос уваскрос“, дзе на ўсім працягу б‘ецца хваля напруджанага пачуцьця.

Моцна ціснула маладога пісьменьніка сучаснае грамадзянскае жыцьцё, ды не пакарыўся ён яму, і за гэта заплаціў сваёй сьмерцю. Не забудзема-ж яго ў час барацьбы і абдаленьня, але няхай у нас прабуджаецца разам з тым і сьвятая гордасьць: наша пісьменнасьць неразьвітая і каравая, але вялікім пачуцьцём напоўнена ўсё яе цела, не на грашовых справах трымаецца яна і ніколі ня пойдзе чысьціць боты капіталу!



2. Глыбы і слаі. Перадрук з „Нашае Нівы“ 1911 г. №№ 3, 4, 5, дзе артыкул быў выдрукаваны з подпісам „М. Б. Ярасласлаўль“.

Да 8 стар. Доля… расійскага поэмы С. Гарадзецкага. — Гарадзецкі нарадзіўся ў 1894 г.; яму належаць зборнікі „Ярь“, „Перун“ і інш. — „Кніжка твораў Якуба Коласа „Песьні жальбы“. Зборнік „Песьні жальбы“ выдадзены быў у Вільні (1910 г.).

Да 9 стар. Руху ўперад няма і ў жартах А. Паўловіча. Паўловіч А. Ф. беларускі пісьменьнік, нарадз. ў 1875 г.; у 1910 г. ён надрукаваў у „Н. Н.“ жарты „Лыкі не каўбасы“ (№ 35), „З падслуханага“ (№ 39), „Лепей заўтра зрана“ (№ 49) і інш. творы (гл. №№ 26, 29, 38)… — Зборнічак „Снапок — ён вышаў першы раз у Вільні (1910 г.).

Да 10 стар. Што да Багдановіча, то ў ім няпрыкметна шпаркага разьвіцьця, хоць асобнасьці яго таленту выступаюць ужо даволі ясна. Цяжка устанавіць, ці дае тут Багдановіч аўтохарактарыстыку, ці прыведзеныя радкі былі ўнесены рэдакцыяй „Нашае Нівы“, як гэта было зроблена ёю ў адносінах да С. Палуяна, што бачна з наступнага ліста С. Палуяна да Багдановіча: „Паслаў сваю стацьцю аб нашай літаратуры ў 1909 г. [у Нашую Ніву], а яе… перайначылі… і ўрэшце пахвалілі мяне“. (Ліст ад 14-га лютага 1910 г. Захоўваецца ў схове рукапісаў катэдры гісторыі беларускае літаратуры

Да 10 стар. Ёсьць тут і даўныя знаёмыя (А. Гарун, Г. Леўчык, Стары Ўлас, Ц. Гартны). А. Гарун (запраўднае прозьвішча яго А. Прушынскі) нарадз. ў Менску ў 1887 г., памёр у Кракаве ў 1920 г.: пачаў друкаваць свае вершы ў „Н. Н.“ яшчэ ў 1906 г. (гл. напр. верш „Маці Баларусі“, № 23 і інш.). У 1910 г. зьмешчаны ў „Н. Н.“ вершы „Мае думкі“ (№ 4), „Беларусам у чатырохлецьце Н. Н.“ (№ 49) і інш. — Г. Леўчык запраўднае прозьвішча якога І. Ляўковіч, поэта родам з Слонімшчыны. — Стары Улас (запраўднае прозьвішча яго Ўладзіслаў Сівы) лясьнік з Валошына; пачаў друкаваць свае вершы ў „Нашай Ніве“ ў 1909 г. (гл. №№ 22, 23, 27, 45), 1910 г. (№№ 21, 28). Цішка Гартны (запраўднае прозьвішча яго З. Жылуновіч) нарадз. ў 1887 г.; пачаў друкаваць свае творы ў „Н. Н.“ з 1909 г. (першы верш „Бяздольны“ надр. у № 2); 1910 г. (гл. №№ 30, 39 і інш.).

Да 10 стар. Ёсьць і некалькі новых імён (Чарнышэвіч і Піліпаў) Чарнышэвіч Ф. — пісьменьнік родам з Капыля, профэсіяй кравец, пачаў друкаваць свае творы ў „Н. Н.“ ў 1910 г. (гл. №№ 10. 20, 32, 41 і інш.). — Піліпаў (запраўднае прозьвішча яго Нялепка Іван, з Горадзеншчыны) пачаў друкаваць свае творы ў „Н. Н.“ ў 1909 г. (№ 48), 1910 г. (гл. №№ 16-17, 19, 32, 35, 38). — Лепшыя вершы Гартнага і Леўчыка ў „Календары“. Леўчык зьмясьціў у „Беларускім Календары Нашай Нівы“ на 1911 г. два вершы — „На параходзе, у далі зьнікае“ і „Як чайка слабая і тонка“ (стар. 82), Цішка Гартны — „Песьню Гарбара“ (ст. 82-83).

Да 10 стар. Адна толькі Канстацыя Буйла абяцае разьвіцца ў праўдзівы асабісты талент. К. Буйла поэтэса, родам з Ашмяншчыны, ёй належыць зборнік твораў „Курганная кветка“ (Вільня, 1914 г. 80 мал, стар. 88). — Каганец, Крапіўка, Будзька і інш. Каганец — псэўдонім Казіміра Кастравіцкага, які памёр у 1918 г.; за 1910 г. у „Н. Н.“ надрукаваны яго творы: „Прамова“ (№ 7, напісаны яшчэ ў 1893 г.), „Кабзар“ (№ 3); апроч таго „Малітва“ („Календар Н. Н.“ на 1910 г., 59). — Крапіўка — псэўдонім Пашкевіч-Кэйрыс (Цёткі), якая пачала друкаваць свае творы яшчэ ў „Нашай долі“ і „Н. Н.“ за 1906 г. Пад псэўдонімам Крапіўка гл. таксама творы у „Календары“ на 1910 г. стар. 59. — Будзька Эдзюк пачаў друкаваць свае творы ў „Н. Н.“ з 1906 г. (гл. № 5); 1910 г. № 4, а таксама „Календар Н. Н.“ за 1910 г. стар. 61. — Зборнік народных песьняў (сабраў Грыневіч). Маецца на ўвазе зборнік „Biełaruskije pieśni z notami. Sabrau i wydau A. Hryniewicz T I. Pieciarburch 1910. (8º. стар. 31.).

Да 11 стар. Пераходзячы да апавяданьняў, адзначым перш за ўсё двух пісьменьнікаў: Власта і Ядвігіна Ш. — Власт — псэўдонім Ластоўскага В. Ю. У „Н. Н.“ за 1910 г. зьмешчаны яго творы „Лебядзіная песьня“ (№ 32), „Панас гуляе“ (№ 34), , „Краскі“ (№ 36); апроч таго, у „Календары Н. Н.“ за той-жа год — твор „Ёсьць боль“ (стар. 67). — Ядвігін Ш. — псэўдонім Лявіцкага; у 1910 г. надрукаваны яго твор „Дзед Завала“ (В. 16º, стар. 14). — Ахвяра“ Гурло. Гурло — поэта родам з Копыля; пачаў друкаваць свае творы ў „Н. Н.“ у 1910 г.

Да 12 стар. З розных драм, напісаных у беларускай мове, летась прадстаўлялі „Моднага Шляхцюка“ К. Каганца і перакладную „Па рэвізіі“ і „Ня розумам паняў, а сэрцам“.Модны Шляхцюк“ — бытавая комэдыя ў 1 дзеі. П. 1910 80. — „Па рэвізіі“. Комэдыя ў 1 дзеі. Перароблена з украінскай мовы. Напісаў па-украінску М. Крапіўніцкі. П. 1911. (8º. стар. 34). Абедзьве п‘есы выдадзены Суполкай „Загляне сонца і ў наша ваконца“ літографскім спосабам, толькі вокладкі друкаваныя. Комэдыя „Па рэвізіі“ першы раз пастаўлена была у Вільні 12 лютага 1910 г. Што да пресы „Ня розумам паняў, а сэрцам“, то яна была надрукавана ў часопісе „Крестьянин“ (Вільня, 1909 г.); аўтар яе Аўдзей Вікенці, які выступіў пад псэўдонімам Касьян Вясёлы.

Да 12 стар. …абдаленьня — новатвор М. Багдановіча, утвораны, мабыць, ад дзеяслова „абдолець“.