Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/22/12
← 11. Прышла вясна | 12. Прырода гатуецца да сну Апавяданьне Аўтар: Язэп Лёсік 1927 год |
13. Аратаю → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прырода гатуецца да сну. |
12. Прырода гатуецца да сну.
Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі. Перастала грэць яснае сонейка. Не падымаецца яно высока над зямлёю. Яго косы ня сьвецяць ужо так ясна. Яны ня грэюць і ня песьцяць ужо маткі-зямлі. Затуманілася неба. Няма таго дню, каб сівыя хмары ня плавалі над зямлёю. Пачаліся прымаразкі. Ліст на дрэвах пажоўк і асыпаўся, і згінулі кветкі, што ўбралі поле і луг. Ня шастаюць у траве конікі, ня гудуць каля вульляў пчолкі, не „таўкуць куцьці“ камары і мошкі. Птушкі адны за аднымі зьбіраюцца ў вялікую дарогу. Уся прырода пачынае заміраць.
Ужо і халодная восень прышла. Сонейка рэдка паказваецца з-за хмар; позна ўзыйдзе, нявысока падымецца ды зноў схаваецца. Хмары ня сходзяць з неба. У паветры ціш. Усе хаваюцца ад холаду і дажджу. Змоўклі вясёлыя птушкі-пяюхі. Ня відаць харошанькіх матылькоў. Усё пахавалася, усё пакінула нас разам з сонейкам, толькі высока над зямлёю чуваць маркотны крык жураўлёў. Борзда ляцяць яны з поўначы на поўдзень і сваім крыкам быццам шлюць нам сваё разьвітаньне.
Агаліўся і парадзеў лес. Стаіць ён, як сірата, смутны і маркотны. А ці той гэта луг? Дзе яго кветкі, дзе пышная трава? Кветкі пасохлі, траву скасілі. Адзін вецер ня мае сабе прыпынку. Носіцца ён па голай зямлі, круціць сухое лісьце і расьсявае сьпелае насеньне з травы і дрэў. Усё чарнее і траціць свой колер, толькі жыта маладое расьце і руніцца. Дый яго скора замарозіць мароз. У гэты позьні асеньні час уся прырода падобна да спрацаванага чалавека, што пасьля цяжкае працы заснуў моцным сном.