Чэлавек Хлеб
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1912 год
Баба
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хлеб (Ядвігін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХЛЕБ.

Стаў ганяць стараста Пранука ажно ў паветовы горад адбываць там нейкіе павіннасьці. — «Ах, каб з вас духі павыганяло!» — замарматаў пад нос Пранук, але-ткі, хоцькі-няхоцькі, закінуўшы на плечы торбу с хлебам, пацягнуўся.

Раніцай — халадком — ісьці было нішто, але пад паўдня стала прыпекаць, ногі пачалі млець, а тут ешчэ вяровачка ад торбы с хлебам муляе плечы Пранука. А ў дарозі, вядомая рэч: зразу зусім не чутно ціжару, а прайдзі далей, дык і хунт пудам здаецца!

Перакідываў Пранук торбачку з аднаго плеча на другое, перакідываў, дый так нічога: рэжэ!

— «Вось, каб цябе ліха!» — стаў нарэкаць Пранук, — «сам чуць цягнуся, а тут ешчэ і хлеб нясі»…

— «Ня ты мяне нясёш, а я цябе нясу», — адзываецца хлеб с торбы.

Забыўся Пранук і на дзіва, што хлеб загаварыў, толькі ешчэ горш узлаваўся:

— Дык ты гэтак?! Мала таго, што на плячох маіх ляжыш, — ешчэ агрызацца уздумаў? Вось-жэ паглядзім, хто каго нясе!» — дый бразь торбу с хлебам аб зямлю, а сам ажно ходу са злосьці падбавіў.

Ішоў Пранук, ішоў доўга; але што-раз часьцей садзіўся спачываць, што раз часьцей уздыхаў, што раз часьцей сплёвываў і, не прыждаўшы ешчэ вечэра, вельмі усьцешыўся, угледзіўшы здалёку на дарозе карчму.

Зайшоў, дастаў капшук, вытрас з яго апошнюю залатоўку, што з дому ўзяў, каб было чым хлеб свой падкрасіць у дарозе, ды аддаў яе цяпер на хлеб і, ласа сухі яго грызучы, дагадаўся ўрэшці, хто каго нёс: ці ён хлеб, ці хлеб яго?