Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік (1924)/Слоўнік/И/Цалкам
← З | И (цалкам) Слоўнік Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1924 год |
І → |
И.
ИБО, злуч, бо. Не пацьверджу, бо гэта ня так.
ИВА ж. агульнае радавое найменьне древаў Salix; верба.
ИВЕРЕНЬ м. аскромак, аскепак, вотшчабень. Аскромак каменя трапіў у вока. Аскепак, вотшчабень адляцеў ад палена.
ИГИР м. расьць, Acorus Calamus; aip.
ИГЛА ж. агульн. слав.; ігла, іголка, ігліца, ігольніца, ігляр, іглісты. Іглы бываюць рожнай формы і велічіні і тасоўна да гэтага маюць навовы: швацкая — іголка; да цараваньня назутак; да шыцьця радніны ўжываюць — шаршатку; да сшываньня мяхоў і рагож ужываюць доўгую іглу з закрыўленым канцом — швайку; да вышываньня воўнай і да ператыканьня узору на тканінах бяруць — ' вушатку; да рубнаваньня (вязанія) ужываюць кручок, пруткі.
ИГО, ярмо, ярэмны, ярэміць.
ИГОТЬ ж. ручная ступка, асабліва мэталічная і ішклянная; мажджэрчык. У аптэках ужываюць шкляныя мажджэрчыкі.
ИГРАТЬ, забаўляцца, весяліцца; гуляць. Дзяцё гуляе лялькай, кот мышой. Мы гулялі ў карты, ў вугалькі ў сьляпака (жмурки). Але нельга: ігралі у карты, бо іграць можна толькі, на якім музычным іструманце; гэтак сама нальга „ігралі вясельле“, а трэба „гулялі вясельле“. Наша слова „ігрышча“ выводзіцца ад ігры на музыкальных інструмантах, — разумеецца ігра да танцаў; як і аднаслоўнае „музыка“: Былі на музыцы (ігрышчы); хадзіце на музыку (ігрышча). Выключэньне становіць сцэнічная гульня, аб якой гаворыцца „ігра“, але „гульня“ прыроды, выабражэньня.
ИГРИВЫЙ, рэзвы, гульлівы. Гульлівы сьмяшок.
ИГРОК — гулец, гулецкі. Гэта не гулецкая гульня. Гулецкія карты (игральныя).
ИГРУШКА, рэч зробленая для забавы; цацка, забаўка. Дзіцячая цацка, забаўка. Гэта яму не работа а забаўка.
ИГУМЕН м. ИГУМЕНЬЯ ж. грэцк. зьверхнік манастыра; ігумен, ігуменьня. Ня кождаму старцу ігумемам быці. Ты дачка ігуменава, а я папоўскі сын (не ашукаеш мяне). Пападьдзя памрэ — поп у ігуменах, а поп памрэ, пападзьдзя — па гуменах.
ИДЕЯ ж. лац. паняньце аб рэчы: умысловае выабражэньне рэчы; мысль, замысл; ідэя, ідэал — мысьлёвы прыклад дасканальнасьці; ідэолёгія — часьць мэтафізыкі або псыхолёгіі якая разважае аб мысьленьні і мысьлі; ідэаліст — хто захватваецца недасьціглымі мысьлёвымі выдумкамі; ідэалізм — м. філёзофія абапертая не на праявах матэрьяльнага сьвету, а духовага або умысловага.
ИДИЛІЯ ж. невялічкае апавяданьне, паэмат, з ідэальным выабражанем сельскага быту; ідыльля.
ИДІОМА ж. грэцк. мясцовая адмена мовы; гутарка.
ИДІОТ грэцк. недарэка ад нараджэньня, слабавумны, дурнаваты, дурань; ідзіота.
ИДОЛ м. фігура якая выабражае паганскага бога; балван, стод, балвахвальнік, зн. паганін.
ИДТИ агульн. слав. ісьці, ідзецца, ідомы.
ИЖДИВЕНІЕ ср. кошт, выдатак, наклад.
ИЗАДНЫЙ ср. сызпеклы.
ИЗБА м. сялянская хата; жытны драўляны дом; істоба, істобка. Слова паходзіць ад „тапіць“, ацяпляць; так сама як ад „комін“ паходзіць слова „комната“, а ў нас коўната, лац. cominata. Вышэйпрыведзеныя словы кніжныя, народная мова знае для абазначаньня жытнага будынку словы — хата і дом; а для абазначаньня чыстай палавіны — сьвятліца. Даўней, знанае было слова грыдня у знач. рас. „изба“ нашага цяперашняга „асець“. Гэтак, чытаем у Гвагніна (XVI ст.): „Русь Белая з поля зносіць уселякае збожжа ў чорныя (курныя) ізбы, якія яны грыднямі пазываюць, і там сушаць“. Грыдня, скарочанае градарня, або як называюць мясцамі асець — градніца; паводле Вітабскай вомовы „грыдніца“ бо ў вітабскім дыялекце а пераходзіць ў ы. Магчыма што гэтым найменьням даўней абазначалі асобны род курных хат. У кождым разе цяпер грыняй называюць абшырную сьвятліцу („избу“) надаючы адценак няўтульнасьці. Гэткая грыня, ані яе запоўніць, ані яе ацепліць! Грыня, як адрыня, хоць па ей сабак ганяй. Калі ў Друі прыехаў цырк і пабудаваў з дасок цырковы будынак на бульвары, то сяляне што былі па кірмашы, назвалі будынак „грыня“: Наехалі кулдышы (камэдыянты) і пабудавалі грыню ў якой бдуць свае штукі паказываць,
ИЗБАВЛЯТЬ каго. ад чаго; збаўляць, выбаўляць; збаўленьне, выбаўленьне, збаўчы, выбаўчы, збаўчы, выбаўчы, збаўнік, збавіцель, выбаўнік, выбавіцель.
ИЗБАЛОВЫВАТЬ каго, чым: разлядачыць, знароўліваць, знароўлены, разбэшчываць, разбэшчаны; распушчаць, распушчаны, распешчываць, распешчаны.
ИЗБЕРЕГАТЬ, зашчаджать. Зашчадзь збажынку на вясну. Зашчадзь капейку ў запас.
ИЗБИВАТЬ каго, што; зьбіваць, зьбіццё, зьбіток, зьбітка, зьбіты.
ИЗБОИНА, астаткі пасьля выцісканьня з расьціннага насеньня алею; макухі, жмакі.
ИЗБОИСТЫЙ шлях, выбоісты.
ИЗБИРАТЬ што, каго; выбіраць, выбары, выбарны, выбаршчык, выбранец—нка.
ИЗБОРОЗДИТЬ, збарозіць. Час збарозіў чало.
ИЗБЫВАТЬ, збываць.
ИЗБЫТОК, збытак, збыткоўны, збыткаваць; лішніца; надпатрэбіца.
ИЗБЫТОЧНЫЙ, збытны, лішні, непатрэбны.
ИЗБѢГАТЬ каго, чаго; унікаць. Унікаць людзей і ухінацца ад людзей.
ИЗВАЖИВАТЬ, ИЗВАДИТЬ прывучаць каго да чаго спакушаючы; знаджываць. У іх знаджаны дзеці равець. Знадзілі хлапца ігрышчамі.
ИЗВАРА ж. ИЗВАРКИ м. гушча якая астаецца ад варэньця квасу, мёду, піва; вываркі, бурда.
ИЗВАЯТЬ што, высеч, выдаўбіць з камяня або дрэва постаць чалавека, зьвера; вырэзаць, выдаўбіць.
ИЗВАЯНІЕ ср. рэзьба, постаць, выдаўбень.
ИЗВЕРГАТЬ што, каго; вызрынаць, вызрыгаць; выкідаць. Мора вызрынула, вызрыгнула, выкінула карабель на бераг.
ИЗВЕРГ м. вызрымень, выкідзень.
ИЗВЕРТЫВАТЬСЯ, выкручывацца.
ИЗВЕРТЛИВЫЙ, круты, выкрутлівы.
ИЗВЕСТЬ ж. грэцк. вапна, вапністы, вапняк, вапенны. Вапенны камень і вапністая зямля.
ИЗВИВАТЬ, ИЗВИТЬ, зьвіваць, зьвіць, зьвівацца, зьвіток, зьвітны.
ИЗВИВЧИВЫЙ, зьвілкі. Зьвілкая дарожка. Зьвілкая рэчка. Зьвілаватае пісьмо.
ИЗВИНИТЬ, выбачыць, дараваць. Даруй выбачай, што нехаця абразіў.
ИЗВИНЕНІЕ, выбачаньне, дараваньне.
ИЗВИНИМОСТЬ, выбачлівасьць.
ИЗВИХАТЬ, ИЗВИХНУТЬ што, зьвіхнуць.
ИЗВЛЕКАТЬ каго, што, адкуль з чаго; выцягаць, вывалаківаць, вытусаць. Выцягнулі, вытусілі грошы з кішаня. Выцягнуў, вымусіў з бяды. Вытуснуў зуб. Слова туснасьць, ужываецца ў значэньні рас. „влеченіе“: Німа ніякай туснасьці да ежы. Мае хлапец туснасьць, да навукі. І наадварот нетусны — „непривлекательный“: Нетусны дзеўка мае выгляд (Вяліжск. п.; Бешанкавічы).
ИЗВЛЕЧЕНІЕ ср. выцяг. Выцяг, выпіс з кніг гродзкіх.
ИЗВНУТРЬ прысл. сызнунра, зсярэдзіны.
ИЗВНѢ, на зьне.
ИЗВОДИТЬ што, каго; вывадзіць, траціць, выдаваць. Парай, як вывадзіць мышэй. Ен прывык ужо выдаваць, траціць на марна грошы. А такжа: губіць, марыць. Прусакоў мораць бурай.
ИЗВОД, ЗВОД м. згуба, загуба.
ИЗВОЗ м. промысел возкай тавараў; павозьніцтва. У павоз выехаў сын. Павозчыкі даўней шмат зараблялі павозам.
ИЗВОЗЧИК м. павозчык, вазец, вазіла. Ламамовы павозьнік: панараднік.
Сьвяты Юры за павозьнічка, |
… „Малады акром свата і дружкі выбірае сабе яшчэ маршала, чэсніка, старасту, вазілу, кубельніка, закосьнікаў і інш.“ (Крачк, стр. 26).
ИЗВОЛИТЬ на што; дазволіць, хацець вымагаць; жадаць. Пан гэтага не жадае.
ИЗВОЛЬ, ИЗВОЛЬТЕ прысл. рач, рачыць. Рачце за сталы цісовыя, абрусы бялёвыя (вясельнае запрошаньне гасьцей).
ИЗВОРАЧИВАТЬСЯ, выварачывацца, вывяртацца.
ИЗВОРОТЛИВОСТЬ, вываротлівасьць.
ИЗВОРОТ м. выкрут. Знайшоў такі выкрутку. Выкруткамі перабіваецца.
ИЗВОРОТИТЬ, вывярнуць. Вывярнуць (выкруціць) ката хвастом.
ИЗВРАТИТЬ, ИЗВРАЩАТЬ каго, што; перакручываць, вызварачываць, выпачаць. Перакруціў вызьвярнуў факты.
ИЗВРАЩЕНІЕ ср. выпачаньне, Выпачаны смак, характар, обычай.
ИЗВЫКАТЬ, прывыкаць.
ИЗВѢДЫВАТЬ што, дазнаваць. Не дазнаўшы броду ня сунься ў воду. Дазнаны прыяцель.
ИЗВѢРИТЬСЯ, зьняверыцца.
ИЗВѢСТІЕ ср. ведамка, чутка, навіна, зьвестка.
ИЗВҌСТНЫЙ, ведамы, вядомы.
ИЗВѢЩЕНІЕ ср. павядомленьне, наказ.
ИЗВѢТ м. данос, вызвед. Вызведамі займаецца.
ИЗВѢЧНЫЙ, справечны. Справечны жыхар краю.
ИЗГАДИТЬ што, згідзіць, загідзіць.
ИЗГИБАТЬ, вызгібаць, вызгіб, вызгібісты.
ИЗГНАИВАТЬ, згнаіць. Згнаіў пяньку ў сажалцы.
ИЗГНАНІЕ ср. выгнаньне. На выгнаньні памер.
ИЗГОЛОВОК м. узгаловак, узгалоўе.
ИЗГОНЯТЬ каго, выганяць, выгнанец.
ИЗГОРАЖИВАТЬ, перагараджываць, разгараджываць.
ИЗГОРОДЬ ж. загарода, загародка; тын.
Цераз рэчку, цераз тын, Паламаў ён мой жалезны тын, Ой чый-то двор, што зялезны тын, |
ИЗГОРБИТЬ каго, што; выгарбіць, выгарбак.
ИЗГОТОВЛЯТЬ, прыгатаўляць.
ИЗГРЕСТИ, выграбсьці.
ИЗГРОБНЫЙ голас, загробны, замагільны.
ИЗГРЕБКИ ср. згрэбьбя, згрэбны; выграбкі.
ИЗГРОХОТАТЬ што; здрузгатаць.
ИЗГРИЗОК м. агрызак. Агрызак хлеба. Мышыны агрызак.
ИЗГРЯЗНИТЬ што, збрудзіць, загразіць.
ИЗДАВАТЬ згук, выдаваць. Выдаваць кнігі, грошы.
ИЗДАНІЕ ср. выданьне, выдавецтва, выдавец.
ИЗДАВНА прысл. сыздаўна. У нас сыздаўна так вядзецца.
ИЗДАЛИ прысл. сыздалі. Сыздалі прыехалі. Гразіцца мыша на ката, ды сыздалі. Сыздальны чалавек.
ИЗДЕРГИВАТЬ, ИЗДЕРГАТЬ што, паскубаць, падзерці; сутаргамі, хварабліва: сторгаць, сторгай. Паскубі кужэліну на скубаніцу да ран. Сморгала яго сутарга.
ИЗДЕРЖИВАТЬ што, выдаваць, пражываць, траціць.
ИЗДЕРЖКИ, выдаткі, пражытак, тратня, кошты.
ИЗДОБА ж. прыправа, закраса.
ИЗДОВОЛИТЬ каго чым, здаволіць.
ИЗДОХНУТЬ, здохнуць.
ИЗДРЕВНІЙ абычай, здаўны, спрадаўны.
ИЗДРОБЛЯТЬ, И ДРОБИТЬ што, скрышыць.
ИЗДРОГНУТЬ, прадрыгнуць. Увесь прадрыг на холадзе.
ИЗДРАХЛҌТЬ, здрухнуць. Здрухлі ўжо сьцены.
ИЗДѢВАТЬСЯ над кім; зьдзекавацца, здзекі. Што з няўмекі строіць зьдзекі.
ИЗДѢЛІЕ ср. выраб, вырабляць. Вырабы хатняга рэмясла, ткацкіе, ганчарныя.
ИЗДѢЛЬНАЯ плата, зробная.
ИЗЖАЛИВАТЬ каго, сажгаць, зжыгаць. Зжыгалі, сажгалі пчолы каня.
ИЗЖАРИВАТЬ што, спражыць, спятрашыць. Выпетрыў чорт бы скурат (Сержп.).
ИЗЖИВАТЬ што, зжываць. Век зжыць ня мех сшыць.
ИЗЖОГА ж. пякотка. Пякотка пячэ ў горле.
ИЗ-ЗА спа-за, з-за. З-за вугла. За сваё дабро. Спа-за лесу.
ИЗЗАРАНЬЯ прысл. спазараньня, спазаранку.
ИСКЛЮЧЕНІЕ ср. вынятак.
ИЗЛОВЛЯТЬ каго, лавіць, злавіць, злавіцца.
ИЗЛАГАТЬ што, выкладаць.
ИЗЛОЖЕНІЕ ср. выклад. Выклад кароткі, ясны.
ИЗ-ЛЕЧЕНІЕ ср. вылячэньне.
ИЗЛИВАТЬ што з чаго; выліваць.
ИЗЛИТІЕ ср. выліў. Выліў ракі, жалю.
ИЗЛИНЯТЬ, утраціць колер, барву, масьць; зблекнуць; зьмяняць поўсьць пёры; выліняць.
ИЗЛИШНІИ, лішні, збытны.
ИЗЛИШЕК, лішкі, лішніца, збытак.
ИЗЛИШЕНСТВОВАТЬ, збыткаваць.
ИЗЛИЦЕВАТЬ што, зьніцаваць, пераніцаваць.
ИЗЛОМАТЬ што, зламаць, сызлом.
ИЗЛУЧИНА, кругавы паварот, або выгіб ракі; закрут, выгіб; зьвязь двох канцоў дугі; разьвіліна.
ИЗЛУЧАТЬ час, пару; улучаць.
ИЗМАЯТЬ каго, змарыць, замучыць.
ИЗМЕЛИТЬ ваду, зьмяліць, мелкі; зрабіць дробным; спарушыць, здрабніць.
ИЗМЕТНУТЬ, вышпурнуць, выкінуць.
ИЗМИНАТЬ што, зьмязджаць.
ИЗМОРОЗЬ ж. замерзшая ў паветры або на рэчах пара; шаць, шэрань.
ИЗМОР м. сызмор. Узяць каго сызморам.
ИЗМОЧАЛИВАТЬ што, разьбіць на валокны, зьвехціць, размызгатаць, разгвазгаць.
ИЗМЫШЛЯТЬ, выдумляць, выдумка.
ИЗМѢНЯТЬ што, даваць адну рэчь за другую, замяняць, перамяняць.
ИЗМѢНА ж. нявернасьць, перамена ў пачуцьцях, ў мысьлях ў адваротную старану; зрада, зраднік, зраджываць; зрада, зрадніцтва, зраджаць.
ИЗМѢНЧИВОСТЬ, зьменчывасьць. Зьменчывая пагода.
ИЗМѢРЯТЬ што, вымяраць, вымерываць, вымер.
ИЗМѢРЕНІЕ ср. вымер памер, спамер.
ИЗМЯТЬ што, скомкаць, скомшыць.
ИЗНАНКА ж. выварат, подшэўка, зьнічка, зьніцная старана.
ИЗНАРУЖНЫЙ, сызнешны. Сызнешны выгляд.
ИЗНАСИЛИВАТЬ каго, спанясілаваць, згвалціць.
ИЗНАЧАЛА прысл. спачатку.
ИЗНЕМОГАТЬ, зьнемагацца, зьнясілівацца.
ИЗНОЖЬЕ ср. ніжні, узножны канец ложка; узножжа.
ИЗНОРАВЛИВАТЬ каго, разбязурываць, знараўліваць.
ИЗНУРЯТЬ каго, марыць, марчыць. Змарыў каня. Марыць голадам. Марчыць сэрца сваё тугай.
ИЗНУТРЬ, сызнутра, сызнутраны.
ИЗНЫВАТЬ, спанываць, чаўрэць, сохнуць.
ИЗНЫРНУТЬ, вынырнуць, спанырнуць.
ИЗНѢДРЯТЬ што, спанатрыць.
ИЗНѢЖИВАТЬ каго, здалікачываць, здалікачаны; спакволіваць, спаквоны.
ИЗНЯТЬ што, вызняць, вызняткі.
ИЗОБИДѢТЬ каго, спакрыўдзіць, спакрыўджаны.
ИЗОБИЛІЕ ср. аквітасьць. Усяго аквіта было. Аквіты ураджай сёлета. Багацьце; Багаты ураджай, багаты прыём. Усяго багата было.
ИЗОБЛИЧАТЬ каго у чым; раскрываць, вінаваціць, высьвятляць.
ИЗОБРѢТАТЬ што, вынаходзіць, вынаходчывасьць, вынаходчык, вынахад.
ИЗОГРАФІЯ ж. грэцк. навука аб маляваньні сьвятых на абразах; ізографія.
ИЗОЛИРОВАТЬ што, аддзяліць ад усяго акружаючага; ізаляваць.
ИЗОСТРЯТЬ што, вастрыць, завастраць; аб умысловых рэчах гаворыцца; „изощрять“. Выкруты дыялектыкі не завастраюць розум, а толькі ухімраюць яго крывадушнасьцю.
ИЗОТЕРМЫ ж. мн. грэцк. пункты аднаго і таго-ж паўклубьбя зямлі; дзе сярэдняя цяплата аднастайная; ізотэрмы, адноцеплі.
ИЗОТЧАЯТЬСЯ, зраспачыцца.
ИЗОЩРЯТЬСЯ, назастрацца, назостраны, назострыўства.
ИЗРОЖДЕНІЕ ср. вызродзьдзе, вызрадак.
ИЗРАЗЕЦ м. гліняная пліта зьверху паліваная; кахля, кахлёвы, кахляр.
ИЗРАНА прысл. спазараньня.
ИЗРАСХОДОВАТЬ што, выдаць, выдаткаваць.
ИЗРЕКАТЬ што, высказываць, выслаўляць.
ИЗРЕЧЕНІЕ ср. выслоў, высказ.
ИЗРЕЧИМЫЙ, выслоўны, вымоўны.
ИЗРУБАТЬ што, зсякаць.
ИЗРУГАТЬ каго, злаяць.
ИЗРЫГАТЬ што, вырыгаць, адрыгаць. Карова адрыгае жвачку. Печ вырыгае агонь.
ИЗРЫТЬ што, скапаць. Скапаць зямлю.
ИЗРѢДЬ прысл, спорэзь, рады ў гады.
ИЗРѢЗ м. адрэз. На адрэзе папэцкана.
ИЗРѢЧЬ, вымавіць, высказаць.
ИЗРѢШЕТИТЬ, кадзіркаваць, пасіткаваць.
ИЗРЯДНЫЙ, з раду вон добры, вельмі добры: незраўнаны, сьветны.
ИЗСАЛИТЬ што, вытлусьціць, затлусьціць.
ИЗСКОБЛИТЬ што, саскабліць.
ИЗСКУЧАТЬСЯ, знудзіцца, знуда.
ИЗСЛѢЖИВАТЬ зьвера, высьледжываць.
ИЗСЛѢДОВАНІЕ ср. досьлед, дасьледчык, дасьледаваньне; дацяканьне, дацякач, дацякаць.
ИЗСТАРИ прысл. сыздаўна, здаўна, з старадаўна.
ИЗСТЕГАТЬ каго, адсьцябаць, высьцябаць.
ИЗСТЕКЛИТЬСЯ, сашкліцца, сашклець.
ИЗСТОНАТЬ нуду сваю, выстагнаць.
ИЗСТРАДАТЬ што, вымучыць.
ИЗСТРАДАНІЕ ср. вымучаньне, змучаньне.
ИЗСТУПАТЬ с чаго, саступаць.
ИЗСТУПЛЕНІЕ, выхадзіць з сябе; разьюшаньне.
ИЗСЧИТЫВАТЬ што, сасчотаваць.
ИЗСѢКАТЬ што, высякаць, вырубаць.
ИЗСЯКАТЬ, ушчукаць, чануць, счануць. Ушчукла вада ў студні. Счанулі сьлёзы мае. Счанула міласердзе людзкое.
ИЗУВАТЬ каго, вызуваць.
ИЗУВЕРТКА ж. выкрутка.
ИЗУВЕРСТВО ср. фанатызм, фанатык.
ИЗУВѢЧИВАТЬ каго, бязвечыць, абязвечыць; пакалечыць; бязьвечча, калецтва.
ИЗУГЛИВАТЬ што, звугаліваць, звугалены.
ИЗУКРАШИВАТЬ што, аздабляць.
ИЗУМЛЯТЬ каго чым, зьдзіўляць, дзівіць даводзіць да найвышэйшага подзіву; здумляць, здумеўся.
ИЗУМИТЕЛЬНО ср. здумеўна, зумеўна. Аж я зумеўся гэта пачуўшы. Зумеліся людзі гледзячы на гэта дзіва.
ИЗУМРУД м. дарагі камень зялёнага колеру; шмарагд.
ИЗУРОДОВАТЬ каго, што; калечыць.
ИЗУСТНЫЙ, які выходзіць з вусн; сызмоўны. Сызмоўная лекція. Сызмоўная пагудка. Сусказны. Сусказнае апавяданьне; сусказная навіна.
ИЗУЧАТЬ што, вывучаць, вывучацца, вывучаньне, вывучаны. Ен вывучае старыя мовы. Я хачу пачаць вывучацца прыроды.
ИЗЪИСКИВАТЬ, вышуківаць.
ИЗЪЯВЛЯТЬ што, выяўляць, выяўна, выяўленьне.
ИЗЪЯЗВЛЯТЬ што, каго; раніць, параніць.
ИЗЪЯН м. вада, вадлівы. Ніякай вады німа ў каня. Якая вада ў дзеўкі? Ніякой вады німа.
ИЗЪЯННЫЙ, вадлівы. Вадлівы конь.
ИЗЪЯСНЯТЬ што, каму; тлумачыць, выясьняць, выкладаць.
ИЗЪЯСНЕНІЕ ср. тлумачэньне, выклад, выясьненьне.
ИЗЪЯСЬНИМЫЙ, які можа быць выясьненым.
ИЗЪЯТІЕ ср. вызняцьце, вызняты.
ИЗЫСКИВАТЬ, вышуківаць, вынаходзіць, дацякаць,
ИЗЫСКАНІЕ ср. вышуканьне, вынахад, дацяканьне.
ИЗЫТОЖИЦЬ грошы, счотаваць, сасчотаваць.
ИЗЮМ м. зборн. сушаныя вінагрозьдзі: разынкі, граздынкі. Граздынкамі называюць разынкі ў грозьдзях.
ИЗЯЩНЫЙ, дыстынктоўны, дыстынкція.
ИКОТА ж. ікаўка, гікаўка,
ИКОНА ж. грэцк. ікона, абраз.
ИКОСАЭДР ж. грэцк, цела якое мае дванадцаць роўнабочных трыкутнікаў. Гэта адзін з правільных многасьценаў твораных з клуба, зрэзаньнём адсекаў; ікосаэдр.
ИКРА ж. мясістая часьць падкаленьня; ікры.
ИЛЕМ м. ИЛЬМА ж. дрэва Ulmus campestris; бераст.
ИЛИ злуч. або, ці; Ці тое бяры, ці другое. Швагер або жончын брат.
ИЛ м. буза. Бузаватае дно ў возеры.
ИЛЮЗІЯ ж. франц. абман зроку, чову, выабражэньня; ілюзія, мікраць. Мікрамі называюць іскрынкі і клубікі, якія здаюцца ў вачах перад сном.
ИЛЮМИНОВАТЬ што, франц. прыбіраць агнямі, кветкамі; размалёвываць фарбамі; люмінаваць.
ИЛЮСТРОВАТЬ выданьне, кнігу, франц. аздабляць рысункамі; ілюстраваць.
ИМОВИТЫЙ, маетны.
ИМОВѢРНЫЙ, праўдападобны.
ИМОРТЕЛЬ, расьціна і кветкі невянучыя, сухія з натуры; несьмяротнік.
ИМПОНИРОВАТЬ франц. імпанаваць.
ИМПРОВИЗИРОВАТЬ што, італьян. гаварыць вершамі, укладаючы вершы; гаварыць прамову не падгатовуючыся; гаварыць с памяці; імправізаваць.
ИМУЩІЙ, маетны. Маетны стан, чалавек.
ИМѢТЬ што, мець. Лепей мець, як ня мець.
ИМѢНЬЕ ср. маетнасьць, маемасьць; собіна; дабытак.
ИМЯ ср. агульн. слав.; імя, іменны; мяно, мяняваць, мяноўна, мянушка. Я-ж не бязмяноўная авечка. Як тваё імя? Іменны білет. Поракла, прозьвішча, другое, ня хроснае імя.
ИМЕННО прысл. мяноўна, мянаваць.
ИМЕНИТЫЙ, знатны, славэтны.
ИМЯРЕК, слова гэта паказуе дзе трэба назваць імя.
ИНБИРЬ м. Amomum Zingiber; імбір.
ИНВАЛИД м. франц. заслужаны ваяр няздольны ўжо да службы; інвалід—дка.
ИНВЕНТАРЬ м. лац. сьпісаньне маетнасьці, зямель, рэчаў; інвэнтар.
ИНГРЕНДІЕНЦІИ мн. лац. складныя часьці мяшаніцы, найчасьцей лекарскай; інгрэдыенціі.
ИНДЕВѢТЬ, пакрыцца замерзшай парай; інець, заінець, зашацьвіць.
ИНДИВИД м. лац. асоба, адзінка; індывід індывідуальнае.
ИНДИКТ м. лац. пятнадцацілетні працяг часу; лічыцца ад 1 верасьня; індыкт.
ИНДИФЕРЕНТИЗМ м. лац. безразрожлівасьць, роўнадушлівасьць.
ИНДУЛЬГЕНЦІЯ ж. лац. дараваньне грахоў. Нашы уніяты называлі гэта прошчай.
ИНДУСТРІЯ ж. франц. працавітасьць, умецтва промыслаў; прамысловасьць, індустрыя.
ИНДЮК м. індык, калакут.
ИНЕИ, сырасьць у паветры, якая асядае на рэчы што больш сьцюдзёныя чым паветра і замярзае на іх пушком; шаць.
ИНЕРЦІЯ ж. лац. фіз; нячыннасьць цел бяз зьнешняй пабудкі; інэрція, нядзейнасьць.
ИНЖИНЕР м. вучоны будаўнік, але ня жытных дамоў (гэта архітэктар) а другіх будынкаў і рэчаў; інжынер.
ИНЖИР м. тур. фігі, ягадніцы.
ИНИЦІАТИВА ж. лац. пачын, ініціятыва.
ИНКВИЗИЦІЯ ж. лац. суд духоўны устаноўлены папежамі для розыску і суда над праступнікамі супроць веры: інквызыція.
ИНКОГНИТО прысл. з лац.; не пад сваім мяном, не апавяшчаючы сваю годнасьць, названьне; інкогніта.
ИНКОРПОРАЦІЯ лац. злучыць, зьліць у адно, ўлучыць, аб’яднаць; інкорпорація. Німа ніякай патрэбы ўжываць гэтае някшталтнае слова ў нашай мове: яго саўсім заступае слова — ўлучыць, ўлучэньне.
ИНКРУСТАЦІЯ, ж. франц. нарэзка на дрэве ў якую ўстаўляецца другога колеру узорамі дрэва, мэталь, косьць; інкрустація.
ИНОЙ, ня гэты; іншы, гэнакі, другі, інакі, іншый.
ИНОГДА, часам, іночасі, спачас калі, падчас; інкалі, анкалі, анкады. Анкады грош даражэй рубля. Ня ўсё лазой, анкалі і рэмянём. Іночасі госьць горш татарына.
ИНОВИДНЫЙ, інастатны, інадменны. Інадменны завод курэй.
ИНОВѢРІЕ ср. рознавернасьць, рознаверны, рознавер.
ИНОГОРОДНІЙ, іншагорадны, анагорадны.
ИНОЗЕМНЫЙ, чужаземны, аназемны.
ИНОК м. ИНОКИНЯ ж. законнік—ца; паслушнік—ца.
ИНОМЫСЛІЕ ср. інамыснасьць, інамысна.
ИНОПЛЕМЕННЫЙ, чужаплемны, чужаплемнік.
ИНОРОДНЫЙ, чужародны, чужароднік.
ИНОСКАЗАНІЕ ср. алягорыя, іносказ, інасказны.
ИНОСТРАННЫЙ, чужаземны, чужаземнік.
ИНОСУЩІЙ, рознародны, рознаісты.
ИНОЦВѢТНЫЙ, другабарвісты, другаколерны.
ИНОЯЗИЧНИК, чужамоўнік.
ИНСИНУАЦІЯ ж. лац. тайная абмова, падбураньне; інсынуація, брахня.
ИНСПЕКТОР м. лацін. дастойнасьць надаваная даглядчыку, загадчыку пад чым; інспэктар, інспэкція.
ИНСТАНЦІЯ ж. лац. ступень, у значэньні высшага, сярэдняга ці нізшага месца суда; інстанція.
ИНСТИНКТ м. лац. несьвядомая ўнутранная пабудка паводле якой паступаюць зьверы; інстынкт, пабудка.
ИНСТИТУТ м. франц. выхаваўчая вучомная установа; інстытут.
ИНСТРУКЦІЯ ж. лацінс; наказ, інструкція.
ИНСТРУМЕНТ м. лац. усякая ручная прылада ці устройства для якой колечы работы, пачынаючы ад касаргі (рычага), нажа і сякеры, да компаса і тэлескопу прылада, інструмант.
ИНСУРЕКЦІЯ ж. лац. бунт, паўстаньне.
ИНСУРГЕНТ м. лац. паўстанец, бунтар.
ИНТЕГРАЛ м. мат. лац. аканечная сызмерная вялічыня ў тасунку да несканечна малой яе часьці дыфэрэнціялу; інтэграл.
ИНТЕЛЕКТУАЛЬНЫЙ лац. умысловы, духовы і разумны; інтэлектуальны.
ИНТЕЛИГЕНЦІЯ, разумная адукаваная часьць жыхарства; інтэлігенція.
ИНТЕНДАНТ м. франц. хто кіруе еміннымі і другімі засабамі войска; шафар, інтэндант.
ИНТЕНСИВНЫЙ лац. сільны і напорысты; інтэнсыўны, напорысты.
ИНТЕРВАЛ м. франц. пустая праміжлегласьць; прагал, інтэрвал.
ИНТЕРЕС м. франц. прыбытак, зыск; зацікаўленасьць; карысьць, цікаўнасьць, справа.
ИНТЕРМЕДІЯ м. лац. невялікі тэатральны твор, напісаны для прадстаўленьня паміж другіх двох відовішч, яно або служыць ўступам да другога, або датыча сьвяткаванай урачыстасьці; інтэрмэдзія.
ИНТИМНЫЙ лац. блізкі, паміжсобны, таёмны; інтымны, паміжсобны.
ИНТОНАЦІЯ ж. лац. асабліва сільны націск голасам на слове, інтанація.
ИНТРИГА м. франц. юджаньне, падкопы, нагаворы і чыны з мэтай каму пашкодзіць — каверза, каверзь, каверзьнік—ца; любоўная зьвязь — баламутня, баламут, баламутка, баламуцтва; завязка, апорны пункт камэдзіі або драмы, зазвычай каханьне з якога родзяцца падкопы, каверзы — завязка; інтрыга.
ИНТРОДУКЦІЯ ж. муз. фр. ўступ.
ИНФАНТЕРІЯ ж. франц. пяхотнае войска, пяхота. Генерал от инфантеріи — поўны генерал пяхоты.
ИНФЛАМАЦІЯ ж. лекар. запаленьне.
ИНФЛЕКСІЯ праменьняў святла ж. наклон.
ИНФУЗОРІЯ ж. лац. мікраскапічная жывулька, ва ўсіх цеклацях, асабліва ў кіснучых і загніваючых; інфузорыя. Адмены іх: монада або пункцік, клубцік, вітушок, раскірзок.
ИПОКРИТ м. грэцк. аблыжны і скрытны пакорлівец; гіпакрыта, гіпакрыція.
ИРАЦІОНАЛЬНЫЙ лац. бязсэнсоўны, не разумны, не карысны; недамэтны.
ИРРЕГУЛЯРНЫЙ лац. неакуратны, няроўны, няўладжаны; няўладжаны.
ИРИГАЦІЯ ж. лац. заліваньне вадой поля, паласканьне; затопа.
ИРОНІЯ ж. грэцк. насьмешлівая пахвала, пахвала якая выражае дакор, іронія, хлусьва.
ИСКАЖАТЬ што, перайначываць, выабражаць на выварат; казіць.
ИСКАНІЕ ср. шуканьне.
Сталі чытаць, імя шукаць, |
ИСКАТЕЛЬ, шукач, шукаць, шуканы.
ИСКОПАЕМЫЙ, выкопны, выкопнае. Выкопнае вапна.
ИСКОПОК м. выкапень, выкапка, капанец.
ИСКЛЮЧАТЬ што, выкідаць з ліку, адкідаць; выключаць, выключна, выключнасьць; вызьнімаць. Гэта выключнае здарэньне. Я ем выключна жытні хлеб.
ИСКЛЮЧЕНІЕ, выключнасьць, вызнятак, вызьнятна.
ИСКОВОЙ, спазыстчы, спазыстчык, спозыск.
ИСКОВЫРЯТЬ што, скалыпаць.
ИСКОЛЕСИТЬ што, скалакружыць. Я скалакружыў ўсю аколіцу.
ИСКОЛОТИТЬ каго, што, зьбіць. Зьбіў яго на кіслае яблыка.
ИСКОМЫЙ, шуканы.
ИСКОНИ прысл. спракон, спраконна, спракавечна. Спракон так вядзецца, што жана мужу паддаецца.
ИСКОНОПАЧИВАТЬ што выпаклёвываць.
ИСКОРЕНЯТЬ што, выкараняць, выпленяць. Выпленіў асот ў гародзе. Выпленіў ды выкараніў Бог род іхні.
ИСКОРОБИТЬ што, скарабаціць, пакарабаціць, карабаціць. Дошкі паракабаціліся. Стол скарабаціўся.
ИСКОСА, зукоса. Зукоса на нас паглядае; наскас — Наскас поля дарогу правялі; зызам — Зызам на мяне глядзіць; касавурам — Усё касавурам зыркае. Чаго ты касавурышся на мяне? Я-ж табе нічога благога не зрабіў.
ИСКОСНЫЙ, сукосны, касавуры.
ИСКРА ж. маленькая частачка распаленага, агністая крупінка; іскра, яска, ясачны, іскрысты, іскравы, іскранік, іскрыць, іскрысты.
ИСКРЕННІЙ, чыстасэрдэчны, не крывадушлівы; шчыры, шчырасьць. Шчыры чалавек. Шчырая праўда.
ИСКРИВЛЯТЬ, выкрыўляць, выкрыўлены.
ИСКРОМЕТНЫЙ, іскрысты.
ИСКРОШИТЬ, скрышыць, паскрышыць, скружаць. Буракі, моркву, наагул круглае — кружаюць, цыбулю, бацьвіньне — крышаць.
ИСКУПАТЬ што, выкупляць, адкупляць.
ИСКУПИТЕЛЬ, адкупіцель-ніца.
ИСКУШАТЬ каго, чым; спакушаць, спакуса, спакусьнік-ніца, спакусьлівы; блазіць. Блазіць мяне нячысты.
ИСКУСНЫЙ, выпрабаваны, які дайшоў да умень; ня вялікай практыкай; умелы, умеласьць, умецтва, штучны.
ИСКУСТВО ср. умецтва, штука, мастацтва.
ИСКУС, пара, час, тэрмін калі хто спакушаецца, дазнае справу чынам, навучаецца чаго; проба, соблазь.
ИСКУШЕНІЕ ср. спакуса; блазь. Нячысты ўсякую блазь (спакусу) рабіў, а ткі не зблазіў.
ИСК м. спозыск. Спозыск доўгу.
ИСПАРЯТЬ што, выпарываць.
ИСПАРЕНІЕ ср. выпар, выпарына, выпары, параваньне. Ня толькі вада, але і лед парце. Выпары цела называюцца потам.
ИСПАЧКАТЬ што, сьпэцкаць.
ИСПЕЧЬ што, сьпячы, сьпечаны.
ИСПЕЛЕНАТЬ дзяцё, сьпавіць.
ИСПЕПЕЛИТЬ што, спапяліць.
ИСПЕРВА прысл. сьпярша. Сьпярша ты, пасьля ўжо я. Сьпярша работа, а пасьля спачынак.
ИСПЕСТРИТЬ што, спярэсьціць, зпстрыкаціць. Мухі спстрыкацілі акно.
ИСПИТОЙ, недакроўны, аслабелы; зьнебыткаваны.
ИСПОВѢДЫВАТЬ веру, вызнаваць. Вызнаю веру хрысьціянскую. Вызнаю грахі мае.
ИСПОВѢДАНІЕ ср. вызнаньне, вера, рэлігія.
ИСПОВѢДИМЫЙ, які можа быць вызнаны, выказаны славамі; выслоўны вымоўны.
ИСПОВѢДЬ ж. споведзь, спавядацца, спаведнік.
ИСПОДВОЛЬ прысл. спавольна, сполегка, злягка. Спавольна, сполегка і вольху сагбаеш.
ИСПОДНІЙ, падысподны. Падысподны жарнак.
ИСПОДНИЦА ж. спадніца.
ИСПОКОН прысл. спракон, спракон веку спраконны.
ИСПОЛА прысл. на палавіну, палавіньнік, або запашнік які абрабляе зямлю за палавіну ураджаю.
ИСПОЛАТЬ выклік, з грэцк. слава.
ИСНОЛИН м. нязвычайна вялікі: волат, гігас.
ИСПОЛНЯТЬ што, выпаўняць, выпаўненьне, выпаўніцель-ніца; выконываць, выкананьне выканальнасьць.
ИСПОЛНА, поўнасьцью. Аддай доўг поўнасьцю.
ИСПОЛОСИТЬ што, спалосаваць.
ИСПОЛОСКАТЬ што, спаласкаць.
ИСПОЛОХ м. перапалох, спалох.
ИСПОЛЬЗОВАТЬ каго, выкарыстаць.
ИСПОРТИТЬ што, сапсаваць, сапсуты.
ИСПОРѢДЬ прысл. рэдка, калі-не калі, рады ў гады.
ИСПОТЧЫВАТЬ што, счаставаць. Счаставаў усю гарэлку.
ИСПОШЛЯТЬ каго, што; сплыжаць, плыгкі. Ен ўсё чыстае, прыгожае умее сплыжыць, зрабіць агідным плыгкім (ад „плы(і)гаць“ скакаць як жаба).
ИСПРАВЛЯТЬ што, каго; папраўляць, паправа.
ИСПРАВНЫЙ, спраўны. Аб чалавеку — акуратны сумленны ў павіннасьцях; аб рэчах: добры, годны да ўжытку, не псаваны.
ИСПРАВНОСТЬ, спраўнасьць.
ИСПРАВИМЫЙ, які можа паправіцца, спапраўнасьць; спапраўны. Спапраўнае зло. Спапраўная бяда, калі можна яе паправіць.
ИСПРАВИТЕЛЬНЫЙ, да паправы датычны; папраўчы, спапраўчы.
ИСПРАВНИК м. зьверхнік земскай паліціі; спраўнік.
ИСПРАЖЕНІЕ ср. спарожжа, спаражняць.
ИСПРАШИВАТЬ што ў каго; дамагацца просьбай; прасіць пазваленьня зьверхнасьці; прасіць, просьба, прошаны, просьбіт-тка.
ИСПРОБОВАТЬ што, выпрабаваць.
ИСПРОВЕРГАТЬ што, вывяртаць, вываротлівы.
ИСПРЯМЛЯТЬ што, спрастовываць.
ИСПУГАТЬ каго спужаць, спудзіць: ўлякнуць, спалашыць.
ИСПУГ м. спужа, упуд; злякнасьць, злякненьне; спалох. З упуду, са спужы, са злякненьня, са спалоху, хварэе.
ИСПУГАТЬСЯ, спужацца, злякнуцца, спудзіцца.
ИСПУПОК м. пупавая папула, выпаданьне кішок у падскурны прарыў пупка; грызь.
ИСПУСКАТЬ што, з чаго; выпускаць; выдаваць з сябе крык; выдаваць; выпускаць („испускать“) душу, аддаць Богу душу.
ИСПЫТЫВАТЬ што, каго; выспрабовываць, выпрабовываць, выпрабоўка, выспраб; выспытываць, выспыт; дазнаваць. Выпрабовуй золата агнём, а дружбу грашамі. Выпрабуй на сабе. Ня выспытаўшы броду, ня сунься ў воду. Ён дазнаў многа гора ў жыцьці. На вясну будуць выспыты у школе.
ИСПЫТАННЫЙ, выпрабаваны, дазнаны, зьведаны.
ИСПЯТНАТЬ што, спаляміць, папляміць, парабаціць.
ИССОП м. гізоп.
ИСТОР м. страта.
ИСТАЧИВАТЬ што, прышыць шавецкім спосабам; прышыць.
ИСТАЧИВАТЬ, ИСТОЧАТЬ што, вытачываць на такарным пастаўку; вытачываць.
ИСТЕКАТЬ, выцякаць, выбягаць струміной; выцякаць.
ИСТОК м. вытак. Вытак ракі, вытак крыві.
ИСТОПТАТЬ што, стаптаць, затаптаць; здратаваць. Затаптаць нагамі памост, забрудзіць гразёй. Коні выдратавалі авёс.
ИСТЕКШІЙ, мінулы, зошлы. Мінулага, зошлага месяца.
ИСТОЧНЫЙ, выточны, вытока.
ИСТОК, вытак, высьцек.
ИСТОЧНИК м. крыніца; даўней крынь: Крыны же проливающе поток (Мінэя 1096 г.) Гортань твой яко крынь проливающи миро (Срезн.).
ИСТЕЛЯТЬСЯ, ацяліцца, выцяліцца.
ИСТЕРЕБИТЬ што, выцерабіць.
ИСТЕРЗАТЬ каго, выстурзаць, стурзаць, стурзнуць, спатурзнік-рзніца.
ИСТЕРИКА ж. жаночая нэрвовая хвароба; гістэрыя, гістэрычка.
ИСТЕРЯТЬ што, вытраціць, выдаць.
ИСТЕЦ м. спазыстчык-чыца; сусцяжай. А коли супор, а любо сутяжай речеть (Вісл. статут 1347).
ИСТЕЧЕНІЕ тэрміну: зыход.
ИСТИНА ж. ўсё што праўдзіва, справядліва; праўда, праўдзіва, спраўдна; істасьць, істаўка, ісьціца. Ісьцівая праўда.
ИСТИННЫЙ, праўдзівы, справядлівы, шчыры; праўдзівы, ісьцівы. Ад Бога ісьцівага.
ИСТЛИТЬ што, сатліць, сатлець, вытлевак, вытлеў, вытлеўшы.
ИСТОВЫЙ, акуратны, пункт ў пункты; істы. Істы чорт.
ИСТОЛОЧИТЬ траву, сталошыць, здратаваць, стаўчы.
ИСТОЛКОВЫВАТЬ што, каму; тлумачыць.
ИСТОЛКОВАТЕЛЬ м. тлумач, тлумачаньне.
ИСТОЛСТА прысл. стоўсна, стоўсны, стоўсьць.
ИСТОМЛЯТЬ каго, знураць, знурыўся, знураньне; зьнемагаць, зняможаны, зьнямога. Зьнямогся ад працы.
ИСТОМА, сьмяга, амяга, смага.
ИСТОНИТЬ што, сцяніць, ценкі,
ИСТОРГАТЬ што, браць, вырываць, сілай; вытыргаць, вытыргнуць; вырываць.
ИСТОРЖЕНІЕ ср. вытырг.
ИСТОРІЯ ж. лац. гісторыя, гісторык, гістарычны.
ИСТОЧАТЬ што, вытачаць, разьліваць. Сьлёзак вытачыш крыніцы. Разьлівае ласкавасьць сваю.
ИСТОЩАТЬ што, атушчаць, пустошыць, вычэрпываць. Не хвароба вычарпала яго, а недаедкі. Ён вычарпаў маетнасьць сваю. Я, праўда, атушчаю, пустошу дастаткі свае, але на добрыя справы. Цярпеньне маё вычарпалася.
ИСТРАВИТЬ што, спасьвіць, спаша.
ИСТРАЧИВАТЬ, выдаткаваць, выдаваць, траціцца, патраціцца.
ИСТРЕБЛЯТЬ што, нішчыць, вынішчаць, выгубляць.
ИСТРЕБЛЕНІЕ, нішчаньне, вынішчаньне.
ИСТРЕБОВАТЬ што, зажадаць. Зажадаўшы тлумачэньня, разгледзь справу.
ИСТРЕПАТЬ што, аб лёне і наагул валакне: вытрапаць; аб кнігах, вопратцы: схлюндрыць, зьдерці, злахматаць.
ИСТРЕПОК м. атропак, хлюндыр, дзярмень, лахмат.
ИСТРЕСКАТЬСЯ, патрэскацца, палонацца.
ИСТУКАН м. паганскі бажок круглай работы; стод.
ИСТЯЗАТЬ, мучыць, тузаць, катаваць.
ИСХОД м. выхад, зыход, вынік. Чакаем выніку справы. Чакаем зыходу сонца. Выхад жыдоў з Егіпту.
ИСХОДНЫЙ, высходны, Ад высхаду ракі да яе сутокаў.
ИСХОДЯЩІЙ аб дакумантах, выбываючы, адваротнае: паступаючы.
ИСХОДАТАЙСТВОВАТЬ — выстарацца.
ИСХИЩАТЬ што, выхватаць, выхват.
ИСХЛОПОТАТЬ што, выклапаціць, выстарацца.
ИСХУДАТЬ, схудзець, схудзеўшы.
ИСЦАРАПАТЬ што, зьдзярстаць, падзёрстаць. Хто гэта падзёрстаў рысунак? Дзе ты падзярстаў сабе рукі.
ИСЦѢЛЯТЬ што, вызгаяць, вызгаяцца, вызгойнасьць, вызгаіць, вызгойшчык, вызгойлівы. Ня можна вызгаіць, то лепш адсеч. Вызгойлівая рана, але пакуль выгаіцца часу трэба.
ИСЧАДІЕ ср. вызродзьдзе, вырадак, выродны.
ИСЧАХНУТЬ, ссонуць, счануць. Чане дзеўка на вачах.
ИСЧЕЗАТЬ прападаць бяз весьці, момантальна хавацца, рабіцца нявідомым; зьнікаць, знікомы, зьнеціцца. Зямная слава нікне як дым. Зьнікнуў з вачэй. Зьнеціўся бес у балоце.
ИСЧЕРЕДНЫЙ, знечародны.
ИСЧЕРКИВАТЬ што, скрэмзаць, скрэмзаны.
ИСЧЕРПЫВАТЬ што, вычэрпываць.
ИСЧЕРТИТЬ што, скрэсьліць, пакрэсьліць.
ИСЧИСЛЯТЬ што, вылічаць, чотаваць. Чотаваць гаворуць у Лідчыне.
ИСЧИСЛЕНІЕ ср. вылічэньне, вылічаньне.
ИСЩЕЛОЧИТЬ попел. вылужыць, выжлукціць.
ИТОГ м. вывад кождага складаньня, сколькі чаго наагул; сума, сумація; зьлічво. Слова зьлічво выражае ня суму, а „счет“ і дзеля гэтага ўжываньне яго ў першым значэньні памылковае.
ИТОГО прысл. усяго. Пішацца пад зьлічвом, супроць агульнай сумы.
ИТОЖИТЬ, зьлічаць.
ИХТІОЛОГІЯ ж. грэцк, навука аб рыбах; іхтыолёгія.
ИХТІОЛИТ м. грэцк. акамеўшая рыба; іхтыоліт.
ИХТІОЗАВР м. грэцк. дапатопнае выкопнае стварэньне, рыбаяшчар; іхтыозаўр.
ИХ заімак. іх, іхні. Гэта іхні загон. Жывем іх ласкамі, іхнімі ласкамі.
ИЩЕЙКА аб сабаках, ганчак, гончы.