Творы М. Багдановіча (1927—1928)/II/I/3
← 2. Глыбы і слаі | 3. Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасьці да XVI сталецьця Літаратуразнаўчая праца Аўтар: Максім Багдановіч 1928 год |
4. За сто лет → |
КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ПІСЬМЕННАСЬЦІ
ДА XVI СТАЛЕЦЬЦЯ.
§ 1. Дасюль яшчэ навука, далёка ўрыўшыся ў глыб мінулых гадоў, ня здолела высачыць да канца цікавае перапляценьне ўросшых у дагістарычную глебу каранёў, на каторых трымаецца „трыедзінае“ дрэва расійскага народу. Ужо тое-ж, што абрысавалася перад намі праз імглу сталецьцяў на самым гістарычным горызонце гісторыі, зьліваючымся з вобласьцю невядомага, сьведчыць аб культурным драбленьні расійскіх славян. Ужо з самага пачатку распадаліся яны на шмат народцаў, кожны з каторых меў асобны грамадзянскі лад, асобныя звычаі і, напэўна, адменнасьці ў гаворцы. Але патроху гурткі плямён, жыўшых пры адзінакавых географічна-кліматычных варунках, сьціскаліся імі ў адно цэлае, меўшае адзінакавы экономічны і грамадзянскі быт, мову і так далей; з другога-ж боку і мяжа, разьдзяляючая гэтыя краёвыя культуры, углыблялася ўсё болей і болей паводлуг разьвіцьця крышталізацыі іх, павэдлуг пашырэньня і ўмацаваньня асобнасьцяй кожнае часткі ўсяго краёвага масыва. У ходзе гэтых двух напаўняўшых адзін аднаго рухаў, ужо к канцу трынаццатага сталецьця адліліся ў даволі устойчывыя формы чатыры рускія народы: беларускі (каторы склаўся з плямён крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў і дулебаў), вялікарускі, украінскі і наўгародзкі. У гэтую-ж пару дайшлі яны і да государственнага расстаньня: украінцы на доўгі час былі вычаркнуты татарскімі набегамі з кнігі жыцьця, а ўсё астатняе пачало гуртавацца ўкруг двух незалежных ядзер — Літвы і Масквы, шпарка абрастаўшых вакольнымі вобласьцямі, Маскве выпала на долю быць цэнтрам вырабляўшагася тады з славян да фінаў вялікарускага народу, яшчэ ня меўшага моцных каранёў у засялённым ім краю, страціўшага амаль ня ўсе зьвязкі з мацярынскай кіеўскай культурай і прымушанага новымі варункамі жыцьця будаваць свой быт на іншых асновах. Беларускі-ж народ, цалком увайшоўшы ў Літоўскае гасударства, разьвіваўся, як і раней, на старым корані, вытвараючы такім парадкам культуру, незалежную ад культуры вялікарускай, і з самага-ж пачатку адражняўшуюся ад яе. Адным з бакоў гэтага разьвіцьця быў узрост беларускай пісьменнасьці, каторая з таго часу патроху становіцца на пэўны грунт.
§ 2. Спачатку на Беларусі, як і ў іншых расійскіх краёх, пісалі толькі так званай, „царкоўна-славянскай“ мовай, каторай, аднача, ніякі славянскі народ не гаварыў. Занясло яе да нас хрысьціянскае духавенства, браўшае патрэбныя для царквы кнігі ад балгар і сербаў, бо расійскія славяне ўласнай граматы вытварыць ня здолелі. Пісаліся-ж гэтыя кнігі „царкоўна-славянскай“ мовай, которая, можа, і мела-б права называцца ў свой час „агульна-расійскай“, бо калісьці ўжывалася ўсімі граматнымі рускімі людзьмі. Найвялікшую частку іх складалі асобы з духавенства, іншы раз не расійцы родам і, канешне, узгадаваныя ў „царкоўнай славяншчызьне“. Гэтае апошняе наклала яркае кляйно на тагочасную пісьменнасьць: яна амаль што ня ўся ўкладывалася ў вузкія рэлігійныя межы; новыя галіны яе, як, напрыклад, летапісі альбо творы да гасударственнага пажытку, вырабленыя кніжнікамі для кніжнікаў, зьяўляліся ўсе ў тэй-жа царкоўна-славянскай мове; [а яна, мёртвая, як магільны камень над пісьменьніцкай творчасьцю, ціснула яе, не давала ёй выпрастацца, разьвіцца і ўшыр і ўглыб; таму ўзрост даўнай расійскай пісьменнасьці, — гэта ўзрост перш за ўсё перапіскі розных старэйшых твораў, гэта, далей, узрост пераробкі іх і толькі на апошнім месцы ўзрост творчаскага труда]. І доўга, як нікчэмны пясок, наносным, асобным, маруда зьліваючымся слоем ляжала гэтая пісьменнасьць на сваім тлустым падглеб‘і — народнай гаворцы, — але зусім ня зьлівацца яны не маглі. Увесь час у кніжную мову прасачывалася, урастала народная, і, павэдлуг абасабленьня трох расійскіх культур, разрывала яе на тры часьці, кожная з каторых вырабляла ўласны нацыянальны выгляд. Такім парадкам форміраваньне нашай пісьменнасьці было марудым, але ўсё ўзрастаючым усасываньнем краёвай царкоўна-славянскай пісьменнасьцю беларускіх народных слоў і зваротаў, каторыя, накапліваючыся на працягу сталецьцяў, нарэшце ў корані перарабілі яе. Але была і яшчэ адна пуціна: з цёмных глыбін народнай творчасьці магла ўсплыць наверх і адзначыцца на соннай гладзі пісьменнасьці тая альбо іншая рэч. Зрабілася такое здарэньне, праўда, толькі адзін раз, але з яго і пачынаецца гісторыя беларускай пісьменнасьці.
§ 3. У 1795 гаду быў знойдзен маскоўскі зборнік (XVI сталецьця), у каторы, паміж іншым, увайшло і „Слово Полку Ігорэве“, вытваранае каля XII века на Паўдзённай Русі. Яно неакуратна зьлеплена з разнакалёрных, незалежных адзін ад аднаго кавалкаў, зьяўляўшыхся ў розныя часы ў розных мясцох; папалі туды і два заходня-расійскія паданьні, так-жа сама ня маючыя нічога супольнага з аснаўным ядром „Слова“ і, безагаворачна, прымазаныя да яго, як калісьці ўмазывалі вялізныя каменьні ад старадаўных разваліўшыхся муроў у пазьнейшыя будоўлі. Абодва яны пачалі ўжо перарабляцца ў песьні, калі былі на паўпуці зупынены і недаразьвіўшыміся засушаны на паперы, як цьвяткі якогась гэрбарыя. Але і такімі квапяць нас гэтыя творы, дзе, нагадываючы асобнасьці загавораў, пад наплывам чуцьця зьнікае звычайнае сцапленьне слоў, усюды прабіваецца хоць і зьмяняючыйся, але напруджаны рытм, выклад робіцца сьціснутым, мова моцнай, і ўжо пачынаюць форміравацца пекныя вобразы. Пазнаёмімся-ж з абодвымі гэтымі засьпіртованымі зародышамі, зьберагаўшыміся сотні год.
Песьня пра князя Ізяслава, каторы „пазваніў мячамі аб шэломы літоўскія… а сам, ізрублены, под чырвонымі шчытамі, на крывавай траве, усхапіў на гэтае ложка славу і прамовіў: „Дружыну тваю, княжа, скрыдлы птах прыадзелі і зьвяры кроў палізалі“. Песьня гэта наўсягды астанецца надзвычайным прыкладам згушчонасьці пачуваньня, сьціснутасьці руху выкладу. Быццам стрымовываючы кожным словам душэўнае хваляваньне, расказана цэлая жыцьцёвая драма, і расказана так, што нічога ня можна прыбавіць альбо адкінуць.
Другая „песьня-казка“ апавядае ўжо пра князя Ўсяслава, каторы „атварыў вароты Ноўгарада, расшыб славу Яраслававу і датаркнуўся кап‘ём да залатога трону Кіеўскага“; яна, праўда, ня мае такой стройнасьці ў агульнай будоўлі выкладу, як першая, але затое проста перапоўнена вобразамі і сраўненьнямі, каторыя ўсе — з пачатку да канца — узяты з мужыцкай глебы, з быту народу-земляроба, пракладываючага свае боразны сярод бяскрайных лясоў; толькі ён, загублены ў драмучых пушчах і балотах, мог на працягу некалькіх строк столькі раз успамянуць адзін і той жа выраз „скакнуў лютым зьверам“, „скакнуў воўкам“, „воўкам рыскаў“, „воўкам пуціну перабягаў“. Толькі народ, усімі думкамі, усім рухам жыцьця свайго прыкуты да хлебаробства, мог апісываць бітву ў такіх словах: „На Нямізе (рацэ) снапы сьцелюць галавамі, малоцяць цапамі харалужнымі, на таку жыцьцё кладуць, веюць душу ад цела. Нямігі крывавыя берагі ня збожжам былі пасеяны — пасеяны касьцямі рускіх сыноў“. Вось да якой моцнасьці і вобразнасьці выкладу дайшоў беларускі мужыцкі народ, вось якія краскі поэзіі ўзрасталі калісьці на яго палёх!
§ 4. Кінуўшы, такім парадкам, погляд на два заходня- расійскія, каштоўныя каменчыкі-самародкі, устаўленыя ў штучную аправу „Слова“, пабачыўшы тое, што дала народная гаворка для нашай пісьменнасьці, — зьвярнема ўвагу і на другую яе часьць, уфундаваную ўжо на „обще-русской“ царкоўна-славянскай мове. Першае, што тут кідаецца ў вочы, гэта брак поэтычных твораў, усюды раджаючыхся толькі ў кашульцы роднага слова. Гляньма шырэй — і бачым агульную кволасьць пісьменьніцкай творчасьці, заглушанай чужым, мёртвым языком, каторы, як магільны камень, ціснуў яе, не даваў ёй выпрастацца, разьвіцца і ўшыр і ўглыб; таму ўзрост даўнейшай нашай пісьменнасьці — гэта ўзрост перш за ўсё перапіскі ды перакладаў розных старэйшых твораў, гэта, далей, узрост пераробкі іх і толькі на апошнім мейсцы ўзрост творчаскага труда. Толькі выпадкова можна пабачыць запісаным на яе скрыжалях імя таго альбо іншага пісьменьніка; рэдка на якой цалі яе шэрай тканіны быў накладзены штэмпель часу і месца вырабкі. Адны і тыя ж рукапісы знаходзіліся як у Кіеве, так і ў Полацку і ў Уладзіміры, вытвараныя, напрыклад, у XI-XII сталецьці, чыталіся і перапісываліся нават цераз колькі сот год. Такім парадкам, аглядаючы гэтыя творы, ня зьнітованыя з адным якімсь іменем, часам альбо краем, мы павінны будзем гуртаваць іх толькі па зьместу, не зьвяртаючы ўвагі на мейсца і на пару зьяўленьня. Але тут-жа адмецім, што разьвіцьцё беларускай пісьменнасьці ішло чым далей, тым усё больш бардзеючым крокам і павялічывалася не ў арыфмэтычнай, а ў геомэтрычнай прогрэсіі: так камень, ідучы да дна соннага става, робіць на яго люстранай гладзі спачатку ледзьве відны, але што раз болей пашыраючыйся круг; такім-жа парадкам узрастала і нашая пісьменнасьць. Уважаючы на гэтае, мы разаб‘ем яе на два неадзінакавых па сваёй велічыні і рознабочнасьці кавалка, першы з каторых павінен будзе ахапіць XIII і XIV сталецьці, а другі толькі XV-e.
§ 5. Старэйшым з дайшоўшых да нас заходня-рускіх укапісаў дасюль астаецца дагавор, зроблены між Рыгай і смаленскім князем у 1229 г., — першы з даволі доўгай чаргі, у каторай мейсца падупаўшага Смаленска хутка заняў Полацк. Апроч таго мы маем яшчэ крыху розных грамат: жалаваных, дагаворных, укладных, клятвеных і інш., — а ўсяго твораў, прыстасаваных да гасударственнага пажытку і зьявіўшыхся на працягу двух сталецьцяў (XIII і XIV), меецца цяпер каля 40; урэшце, зьбераглося яшчэ пяць рэлігійных кніг, — 2 сьпіскі псалтыры і 3 — евангельля. Гэтым і абмяжовываецца ўвесь спадак, дастаўшыся нам ад абодвых першых вякоў жыцьця нашай пісьменнасьці. У параўнаньні з ім можа здавацца добрым [нават] тое, [усё-ж-ткі сумнае], налажэньне, у каторым яна знаходзілася на працягу XV сталецьця, [калі беларуская народная культура ўжо адстаялася і пачала ацьвердзяваць]. К гэтаму часу Вялікае Княжаства Літоўскае даволі цьвёрда ўстанавіла свае межы, і беларуская зямля рэзка абасобілася ад зямель маскоўскіх, дак што ўсе стасункі між імі, якія і былі раней, на доўгі час абарваліся бадай што зусім. Таму ўмацовываўшаяся тады маскоўская пісьменнасьць павінна была доўгі час расьці і разьвівацца бяз жаднага зьвязку з пісьменнасьцю беларускай, палажэньне каторай, як мы ўжо ўказывалі, палепшылася ў параўнаньні з папярэднімі часамі; прычынай гэтага пад‘ёму трэба прызнаць узмацаваньне некалькіх важных зьявішч, каторыя ўзрасталі, падтрымовываючы ўвесь час адзін аднаго. Першае, к тэй пары беларуская народная культура ўжо вырабілася ў аснаўных чартах, ужо адстаялася, пачала ацьвердзяваць. Будучы больш разьвітай ад культуры літоўскай, яна пераважыла гэтую апошнюю на вагах гісторыі, дак што ўсё гасударственнае жыцьцё Вялікага Княжаства адбывалася ў беларускіх нацыянальных формах, — літоўскім было тут адно толькі названьне, адзін толькі этыкет; на беларускай гаворцы ішоў суд, пісаліся акты і граматы, вяліся перагаворы з чужаземнымі гасударствамі; пабеларуску размаўлялі і вялікія князі і баяры, нават літоўцы родам, бо абеларушываньне іх ішло тады поўным ходам; звычайна, што свае духоўныя патрэбнасьці яны задавальнялі з кніг у беларускай мове, каторая, да рэчы сказаць, ужо ня мала вымыла з іх царкоўнай славяншчыны; по- руч з тым і самы лік [гэтых] кніг павялічыўся, бо цяпер іх было можна ўжо лягчэй зразумець, ды і людзей, прыхільных да чытаньня, патроху прыбывала. Павэдлуг гэтага пад‘ёму ў пісьменнасьці і рукапісаў, належачых да XV сталецьця, дайшло да нас значна болей, чым ад папярэдняга. Адных грамат налічываецца каля 9 дзесяткаў; паміж імі асаблівую ўвагу на сябе зьвяртаюць два статуты, з каторых першы дан каралём Уладзіславам II між 1420-1423 гадамі, а другі — каралём Казімірам Ягелонавічам у 1468 гаду. Разам з тым пачалі пашырацца і няпрызначаныя да гасударственнага пажытку творы, зьяўляўшыяся, часьцей за ўсё, згуртаванымі ў розныя зборнікі. Аглядаючы іх, з рэлігійных рэчаў прыдзецца адмеціць два сьпіскі растлумачанай псалтыры (евангельля няма зусім), а так-жа сама — вучыцельную пісьменнасьць: паўчэньні Ефрэма Сірына і Кірыла Іерусалімскага, „Сабраньне слоў паўчыцельных“, „Грыгорыя, папы рымскага, гутаркі“ і інш., — усё найбольш пераклады. У асобны кут трэба аддзяліць вельмі лічныя працы рэлігійна-гістарычныя, меўшыя ў свой час і навучную вагу, што дае пачасьці адгадку нязвычайнай прыхільнасьці да іх чытачоў. Тут на першым мейсцы мы будзем павінны паставіць чаргу зборнікаў, зумысьля прыстасаваных да толькі што памянёнай мэты; паміж імі вядомыя „Чэцьі-Мінеі“, дайшоўшыя да нас у некалькіх сьпісках, і так званы, „Пролог“ апавядалі аб розных сьвятых, гуртуючы апісаньні іх жыцьця па месяцам і нават дням; тое-ж самае, толькі абэцадлавым шыхам, выкладаў „Патэрык“, празваны ад гэтага „азбучным“ („абэцадлавым“); урэшце, меўся яшчэ „Патэрык Іерусалімскі“. Усе яны мелі жэраламі сваімі падобныя-ж грэцкія зборнікі. З іншых рэчаў гэтага ж кірунку назавём жыцьцёапісаньне Іоана Златавуснага, „Казаньне аб багародзіцы“ і два бяз‘імянных зборнікі; у адным знаходзіцца апавяданьне пра мучэньні, сьмерць і ўваскрашэньне хрыста, пра пакланеньне яму трох каралёў і пра Аляксея — божага чалавека. У другім тое-ж самае, але апошняй стацьці няма… З твораў чыста-гістарычных да нас дайшоў пераклад вядомай грэцкай „Летапісі Іоанна Малалы“ і орыгінальны „Летапісец расійскіх цароў“, каторыя былі памешчаны ў адзін зборнік; апрыч таго меецца „Летапісь вялікіх князёў Літоўскіх“ з дакладзенымі да яе трыма іншымі гістарычнымі стацьцямі; урэшце трэба згадаць так званую „Летапісь Авраамкі“, склаўшуюся з некалькіх незалежных часьцей: самай летапісі, займаючай болі 300 стр., сьпіску расійскіх князёў, судзебнага зборніку, ізноў гістарычнага пералічэньня князёў, паіменаваньня мітрапалітаў, і, урэшце, кароценькай летапісі Літоўскага гасударства, выкладзенай на 14 страніцах. Гэтым і канчаецца гістарычны аддзел нашай пісьменнасьці, а разам з ім і навучны, бо між імі тады можна было сьмела паставіць знак роўнасьці. Але, хоць і аднабока разьвітая, навука ў нас усё-ж-ткі была і знаходзілася ў лепшым палажэньні, чым бяздольная красная пісьменнасьць, да каторай ня можна залічыць жаднай з меючыхся цяпер тагочасных кніг. Праўда, і ў іншых заходня-эўропейскіх землях духоўная творчасьць тэй пары ішла ў гэтым напрамку надта слаба, і там, як у нас, уся грамада чытачоў і пісьменьнікаў была ўзгадавана сьвяшчэньнікамі і манахамі і ў вялікшай часьці складалася з іх самых; сярод гэтых людзей, лічыўшых грахоўнымі і нярэдка выкараняўшых хараводы, песьні і жыцьцёрадасныя апавяданьні, прыгожая пісьменнасьць, вядома, разьвіцца не магла. Але ў нас была і яшчэ адна рэч, мяшаўшая яе нараджэньню і ўзросту, — гэта абломкі царкоўна-славянскай мёртвай мовы, яшчэ даволі густа заграмаджаўшыя тагочасныя кнігі і не даваўшыя ў пісьменнасьці вольнага ходу духоўнай творчасьці беларускай нацыянальнай душы.
Аўтограф артыкулу „Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасьці да XVI стал.“ (стар. 13).
Увагі
правіць3. Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасьці да ХVІ сталецьця. Друкуецца з аўтографу (1,10).
У лісьце да рэдакцыі „Нашае Нівы“ (IX, 5) М. Багдановіч піша „Пішу нарыс даўнейшай беларускай пісьменнасьці па Карскаму, як рэфэрат да нашага будучага яраслаўскага гуртка, можа ў сакрашчэньні падыйдзе і для „Нашае Нівы“. — Калі прыпусьціць, што ў лісьце гаворыцца аб гэтым артыкуле, дык тады яго можна задатаваць годам напісаньня ліста, г. зн. — 1911-м годам. Падзел данага артыкулу на разьдзелы дае падставу думаць, што аўтар меў намер укласьці нарыс, ці, мабыць, і падручнік гісторыі беларускае літаратуры.
Да 13 стар. „Трыедзінае“ дрэва расійскага народу. Тэрмін „расійскі“ М. Б. ужывае ў больш пашыраным сэнсе, які прыблізна адпавядае тэрміну „ўсходня-славянскі“, што можна бачыць з наступнага выразу: „мы (беларусы) трэці народ рускага кораню“ (гл. арт. № 21 — „Хто мы такія“). Погляды М. Б. на еднасьць пахаджэньня беларусаў, украінцаў і вялікарусаў, відаць, склаліся пад уплывам тых лінгвістых, якіх ён чытаў у студэнцкія гады (гл. „Крытыка-біографічны нарыс, разьдзел IV-ты).
Да 15 стар. …як цьвяткі якогась гэрбарыя … — Параўнаньне, якое сустракаецца ў вершах М. Б-ча. Гл., напрыклад, т. 1, № 90 — эпіграф да „Вянка“.
У аўтографе поэтам было закасована некалькі радкоў, пачынаючы з слоў „а яна“… і да „І доўга“… Уведзенае ў тэкст закасаванае месца адзначана простымі дужкамі.
Да 17-й стар. …дагавор, зроблены між Рыгай і смаленскім князем у 1229-м г. — першы даволі доўгай чаргі (дагавораў)… Як зазначана ў „Гісторыі беларускае кнігі“ Ластоўскага, адбываліся дагаворы беларускіх гарадоў з немцамі і раней, напрыклад, „Умова Полацку з Рыгай“ 1210-га году „(В. Ластоўскі)“, „Гісторыя беларускае (крыўскае) кнігі“. Коўна. 1926 г. стар. 63-я). — …усяго твораў …зьявіўшыхся на працягу двух сталецьцяў (XIII-XIV), меецца цяпер каля 40. У „Гісторыі беларускае (крыўскае) кнігі“ В. Ластоўскага за гэтыя стагодзьдзі (XIII-VIV) налічваецца ўсяго беларускіх пісаных помнікаў больш за 80.
Да 18 стар. За ХV-ае стагодзьдзе ў памянёнай кнізе В. Ластоўскага налічваецца больш за 140 помнікаў.
Закрэсьленыя аўтарам у аўтографе месцы ўведзены камісіяй у простыя дужкі, гл. напр. на старонцы 18-й сказ „калі беларуская народная культура“, „гэтых“ і інш.
Да 19 стар. У артыкуле „Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасьці да ХVI-га сталецьця“ Багдановіч прыводзіць шэраг назваў твораў і прозьвішч аўтараў з старога пісьменства. Гэтыя назвы пакінуты у аўтарскай транскрыпцыі; перакласьці іх на беларускае напісаньне было цяжка, бо гэтае напісаньне ў адносінах да старажытнага пісьменства не ўстаноўлена, а прыводзіць загалоўкі помнікаў дакладнай (царк.-слав.) транскрыпцыяй камісія ня мела магчымасьці, бо такое напісаньне зьявілася-б вельмі вялікім адхіленьнем ад аўтарскага тэксту артыкулу.
Прыметнік „гасударственны“ ў артыкуле пакінуты ў транскрыпцыі аўтара (апроч канчатку), бо згодна з прынятым у 1-м т. парадкам правапіc выразных русізмаў поўнасьцю на беларускі правапіс не перакладаецца.
У загалоўку „Слова о полку Ігорэве“ у гэтым артыкуле вытрымана транскрыпцыя, прынятая камісіяй для 1-га тому твораў Багдановіча.