Творы М. Багдановіча (1927—1928)/II/I/4
← 3. Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасьці да XVI сталецьця | 4. За сто лет Літаратуразнаўчая праца Аўтар: Максім Багдановіч 1928 год |
6. За тры гады → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: За сто лет. |
ЗА СТО ЛЕТ.
НАРЫС ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ПІСЬМЕННАСЬЦІ.
Ля істокаў.
Адраджэньне беларускай пісьменнасьці належыць да першых гадоў XIX-га сталецьця, калі паміж нашай краёвай шляхты патроху пачала вырабляцца інтэлігенцыя. Гэтым іменем мы адзначаем сьвядомых людзей, нясушчых сваю сьвядомасьць на карысьць простага народу нават і проці ўласнага інтарэсу. Такім чалавекам у тую пару быў, напрыклад, маршалак Завіша, каторы ў 1818 г. на Вільненскім шляхоцкім сэйме сказаў шчырую прамову аб скасаваньні прыгону, і п. Храптовіч, звольніўшы сваіх мужыкоў ад яго, і п. Бжостоўскі, што зрабіў тое-ж самае, і інш. Ня шмат было гэткіх людзей, але лік іх увесь час узрастаў, чаму асабліва памагала праца Вільненскага унівэрсытэту, адчыненага ў 1803 г.
Патроху паміж нашай шляхты пачалі варушыцца новыя думкі, нараджаліся новыя паняцьці, зьяўлялася ўвага да простага народу, народу беларускага. Вялізнае значэньне для ўмацаваньня ўсяго гэтага мела пракаціўшаяся тады па Эўропе рэха ад францускай рэволюцыі. Нязьлічанымі, нявідзімымі пуцінамі прасачываўся яе дух у тагочаснае жыцьцё, усюды спараджаючы і гуртуючы інтэлігенцыю. Гэтая апошняя зьявілася нават у многіх даўно ўжо замёршых народаў і пачала жывую працу над разьвіцьцём іх культур, ці, іншымі славамі, над іх нацыянальным адраджэньнем. Але ў нас пры надзвычайнай слабасьці інтэлігенцыі і пры поўнай неразьвітасьці яе беларускіх нацыянальных пачуваньняў, у нас, кажу я, усё абмежылася некалькімі крокамі, ды і тыя былі зроблены толькі дзякуючы дзе-якім асаблівым умовам тагочаснага жыцьця. У тую пару якраз ішло гарачае змаганьне маскалёў з палякамі, [і абое яны] мусілі згадаць аб даўно ўжо забытым беларускім народзе; апрыч таго гэтая завіруха збудзіла ў многіх людзей, найбольш са спольшчанай шляхты, пачуцьцё грамадзяніна, пачуцьцё любві да роднай старонкі; сторонкай-жа гэтай для іх была не варшаўшчына, не кракаўшчына, а наша беларуская зямля; беларускія казкі і песьні, што чулі яны змалку, пушчы, вазёры і рэкі нашага краю, народ беларускі, паміж каторага яны ўзгадаваліся, нават беларуская мова, да каторай была прыхільна ў хатніх гутарках старасьвецкая шляхта, — усё гэтае зраслося з іх душою, і, згадаўшы аб роднай старонцы, Беларусь бачылі яны.
Гэты краёвы патрыотызм выказаў сябе, паміж іншым, у вучоных працах, датыкаючых нашай зямлі, за што трэба сказаць дзякуй перш за ўсё Вільненскаму унівэрсытэту, меўшаму шмат якіх бліскучых сіл. З людзей, працаваўшых па беларускай архэолёгіі, трэба адзначыць брацьцяў Тышкевічаў, Пржэзьдзецкага, Кіркора; з гісторыкаў — Бандтке, Лукашэвіча, Балінскага, Ліпінскага, Нарбута, Ярашэвіча, Даніловіча і інш., з этнографаў — Ліндэ, [Хадакоўскага], Чарноўскую, Шыдлоўскага, Фалютынскага, Мухлінскага, Голэмбёўскага, Рыпінскага, а асабліва Чачота і Зянькевіча; праўда, гэтыя вучоныя, як і ўся тагочасная польская інтэлігенцыя, лічылі Беларусь польскім краем дый думалі, што, разьвіваючыся, беларусы мусяць прыстаць да польскай культуры і рана ці позна, а сальлюцца такі з польскім народам; але ўсё-ж-ткі яны, гаворачы аб нашым краі, так ці сяк, а памагалі вырабленьню пачаткаў нацыянальна-беларускага самапачуцьця між краёвай інтэлігенцыяй, а так-жа і лепшаму пазнаньню беларускай мовы.
У краснай пісьменнасьці гэты-ж самы рух выліўся ў розных творах, маляваўшых польскай мовай жыцьцё беларускіх сялян і дробнай шляхты, чаму з саракавых гадоў вельмі спрыяў апанаваўшы ў той час романтычны кірунак, прадстаўнікі каторага цікавіліся народнымі творамі і народным жыцьцём. На страніцах журналаў пачалі зьяўляцца беларускія казкі і песьні, у апавяданьнях з краёвага жыцьця ўвесь час спатыкаліся беларускія выразы, іншы раз гутаркі дзе-якіх асоб пераказываліся нават цаліком пабеларуску; а адсюль ужо недалёка і да чыста беларускіх твораў. Але яны не маглі мець колькі-небудзь паважнага значэньня, бо караніліся ня ў шырокіх грамадзянскіх патрэбнасьцях, а ў прыхільным душэўным настроі гуртка асоб, зросшыхся з польскай ці, іншы раз, расійскай культурай, да народа-ж гэтыя творы бадай што не даходзілі; [за для] гэтага аўтары іх марыць не маглі аб праўдзівым здавальненьні духоўных патрэб чытачоў, ці аб разьвіцьці беларускай культуры. Цікавейшы з нашых тагочасных пісьменьнікаў — Я. Чачот — у прадмове да свайго зборніка „Piosnki wieśniacze z-nad Niemna… W. 1845 г.“ сумняваецца ў тым, што беларуская мова здолее калісь зрабіцца пісьменнай. Другі беларускі поэта — Рыпінскі — так і рупіцца закрыць вочы на ўсё, што адражняе Беларусь ад Польшчы, і нават ахвяруе адну з сваіх ксёнжак „першаму з беларускіх мужычкоў, каторы наперад выўчыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць папольску“. Адсюль робіцца зразумелым і жартаўлівы дух першых беларускіх твораў, і выпадковасьць іх і нават тое, што амаль ня ўсе яны пісаліся вершамі; гэтае прыходзіцца сказаць аб першай-жа ластаўцы навейшай беларускай пісьменнасьці — „Энэідзе“, пераробленай з украінскага…
Увагі
правіць4. За сто лет. Артыкул ня скончаны. Друкуецца з чарнавога аўтотрафу (1, 3, 8). Укладзены быў, ма‘быць, у часе напісаньня „Кароткае гісторыі беларускае пісьменнасьці“ (1911 г.), як адзін з нарысаў задуманага М. Б-чам гістарычнага агляду беларускае літаратуры (гл. увагу да папярэдняга артыкулу).
Да 21-й стар. Гэтым іменем (інтэлігенцыя) мы адзначаем сьвядомых людзей, нясушчых сваю сьвядомасьць на карысьць простага народу нават і проці ўласнага інтарэсу. — Азначэньне паняцьця „інтэлігенцыя“ дадзена Багдановічам у народніцкім дусе, відаць, пад уплывам Лаўрова і Міхайлоўскага.
У аўтографе: „адрадзэньне, нараждаліся“, спараджаючые камісіяю вытрымана „дж“, адраджэньне, нараджаліся", „спараджаючы“.
Да 22 стар. …і абое яны… — месца, ня досыць добра апрацаванае аўтарам, а таму пастаўлены ў простыя дужкі. (Замест „яны“, трэ‘ было-б сказаць „народы“). — „Хадакоўскага“ ў аўтографе закрэсьлена.
Да 23 стар. У сказе „за для гэтага аўтары іх марыць не маглі“… Багдановічам ужыты нязвычайны выраз „за для“, у якім ён сам, як відаць, ня быў упэўнены, бо напісаўшы яго адзін раз, закрэсьліў, а потым ізноў аднавіў. Камісія, каб не парушаць тэксту аўтэнтыку, пакінула гэты выраз, але адзначыла яго нязвычайнасьць простымі дужкамі. „Энэідзе“ пераробленай з украінскага… Беларуская Энэіда на выварат твор невядомага аўтара, ня была перароблена з украінскага, — на ёй толькі адчуваецца некаторы ўплыў Энэіды Катлярэўскага.
Іменьні архэолёгаў, гісторыкаў і этнографаў, што сустракаюцца ў даным артыкуле, узяты Багдановічам, як відаць, з „Истории русской этнографии“ Пыпина, ч. IV, стар. 25 і інш.