Байкі (па Крылову і інш.). — Б. Друцкага

Байкі (па Крылову і інш.). — Б. Друцкага
Рэцэнзія
Аўтар: Макар Краўцоў
1927 год
Крыніца: Часопіс «Беларускае слова», № 16 (45). 22 траўня 1927 г., б. 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Байкі (па Крылову і інш.). — Б. Друцкага.

Ужо некалькі гадоў зьмяшчае Б. Друцкі свае творы ў гумарыстычных і літэратурных аддзелах газэт (раней у „Грамадзкім Голасе“, цяпер у „Беларускім Слове“), але да апошняга часу яны не друкаваліся асобнымі кніжкамі і толькі ў леташнім годзе прычакалі мы першага ягонага зборніку.

Зборнік гэты, фармату паменшанай васьмёркі, лічыць 32 страніцы і выданы хоць скромна, але старанна.

На спэцыяльную пахвалу заслугоўвае ўпрыгожаньне кніжкі шматлікімі і ўмела падабранымі ілюстрацыямі, гэтак рэдкімі наагул у беларускіх выданьнях.

Зьмест зборніка абыймае 16 баек, пераважна тлумачаных з Крылова.

Пераклад —— у большасьці — свабодны, лёкалізаваны, дзеля чаго, у адносінах да аўтара, можна слова „пераклаў“ замяніць тэрмінам „зьбеларушчыў“, што агулам бяручы, ёсьць н‘ат пажаданым.

З памянутых вышэй 16-ці баек найлепш удаліся Б Друцкаму тры вялікія байкі: 1) „Воўчы закон“ (стр. 4), 2) „Даніна“ (ст. 6) і 3) „Хвосьцік“ (ст. 29); гэтак жа вельмі добра выйшлі: „Конь і сабака“, 2) „Оўцы і сабакі“, 3) „Аслы“, 4) „Ваўкі і оўцы“, „Млынар і куры“, 6) „Выбарнае начальства“, 7) „Асёл“, 8) „Дуб і гарбуз“, 9) „Прарок“, 10) „Сабачы звычай“, 11) „Нос і ногі“, за тое верш „Што бачыў ў горадзе Кандрат?“, (ст. 23) у некалькіх мяйсцох шурпаты, а байка „Індык“, (ст. 11) дык зусім неапрацавана; у ей, асабліва ў першай частцы яе, дык — казаў той — „парог“ на „парогу“, якіх тут на‘т ня вялічаем, каб не займаць лішне мейсца, за тое спынімся праз момант на найважнейшых недахопах найлепшых вершаў, а гэтак-жа на ўаступным „Конь і сабака“, які найбольш кідаецца ў вочы, хоць і трудна ткі зразумець, чаму перакладчык высунуў яго на першае мейсца, калі ў зборніку ёсьць шмат іншых лепшых за яго, хоць напрыклад: „Сабачы звычай“ (ст. 27). Вось-жа прадусім ў вершы гэтым пасьля слоў „Каб із двара цябе прагналі“ павінна быць цірэ, а не кропка, якая зьмяняе ўвесь сэнс, але гэта быць можа карэктарскі недагляд; далей у радку: „І гэтак ні мінуты спакою я не знаю“, тонічнасьць нацягнутая, бо калі пасьля слоў „І гэтак ні мінуты“… ня зробім штучнае паўзы, дык робіцца „парог“; гэтак-жа трэ‘ адзначыць, што рыфмоўка „…кажаш ты“ з „…варты“ ёсьць лішне сьмелай!

З недахопаў трох найлепшых вершаў адцемім гэктія: ў байцы „Воўчы закон“ (ст. 4) ёсьць тонічны „парог“ у радку: „Быццам не дае яно яму напіцца“ лепш было-б: „Што быццам не дае яно яму напіцца“, або „Што не дае яму вады напіцца“; у байцы „Даніна“ (ст. 6), слаба выйшла канчатковаа мораль: ізноў тут маем дачыненьне з гэткімі рыфмамі як „…парадак“ і „…падатак“, а ў першым радку: „Ня толькі у зьвяроў а й між нас“, павінна быць замест „й“—„і“: ўрэсьце ў „Хвосьціку“ (ст 29) ў радку: „З піскам прэцца парасё“, дзеля гучнасьці і захаваньня разьмеру, добра б было, карыстаючыся „навінкамі“ д-ра Я. Станкевіча замяніць „з“ на „із“ або „ізь“, ці калі гэта неда ўспадобы, перарабіць неяк інакш.

У групе добрых вершаў варта-б было пераправіць мораль у байцы: „Оўцы і сабакі“ (ст. 9): да радку „Кепска калі ёсьць за шмат апекуноў“, ізноў жа дзеля гучнасьці і захаваньня разьмеру, трэ‘ дадаць ў пачатку „ой“, ці нешта у гэтым родзе.

Вельмі псу ўражаньне ад зборніку неакуратная карэкта, у рэзультаце якой у шмат якіх мяйсцох замест гэтак важнага ў беларускай паэзіі „ў“ кароткага маем „у“ даўгое і наадварот; тое-ж самае, толькі ў меншай меры, можам сказаць і аб блутаньні „і“ з „й“

Спыняючы на гэтым нашыя крытычныя ўвагі адзначаем, што затрымліваліся мы гэтак падрабязна над кожнай, мо‘ падчас і дробнай, хібай зборніка не таму, каб знайсьці г. зв. „дзіру ў цэлым“, а таму толькі, што лічым яго вельмі цэнным здабыткам у гэтай галіне беларускай літэратуры і хацелі-б, каб у II-гім выданьні, якога — раней ці пазьней ён пэўне ж дачакаецца, аўтар ухіліў усі істнуючыя ў ім заганы.

Пераходзючы да агульнай ацэнкі творчасьці Б. Друцкага адзначым, што пісаны яны добрай, беларускай мовай; мова іх вобразная, жывая і сакавітая; так што калі аўтар ня будзе ленавацца і возьме сябе ў рукі, дык можа заняць з часам даволі выдатнае мейсца ў беларускай літэратуры.

Як мы чулі, аўтар мае ўжо гатовыя да друку новыя байкі (перакладныя ды-й арыгінальныя), а гэт к жа іншыя яшчэ поэтыцкія творы, якія трэ‘ было-б выдаць асобнай кніжкай.

Задача гэта зьяўляецца моральным абавязкам Т-ства „Беларуская Хатка“.

Канчаючы гэтым агляд „Баек“, прывядзем тут дзеля прыкладу вядомую кожнаму яшчэ са школьнай лавы і дасканальна перакладзеную байку: „Сабачы звычай“:

„Праз вёску раз прыяцелі два йшлі
„І гутарку паважную вялі.
„Аж раптам тут з пад падваротні,
„Сабака кінуўся на іх.
„За ім другім, там больш. І з міг —
„З усіх двароў сабак зьляцелася паўсотні.
„Кідаюцца, ірвуць,
„Зусім праходу не даюць.
„Адзін з прыяцеляў кія шукаць пачаў.
„Пакінь“ — другі яго ўстрымаў.
„Кіем сабак ты ня уймеш,
„А толькі болей раззлуеш.
„Натуру я сабачу знаю,
„І свой на злосьць іх спосаб маю:
„Спакойна пойдзем і на зьвягу,
„Зьвяртаць ня будзем мы увагу.
„Яны йшчэ крыху пазлуюцца,
„ Пабрэшуць ды і разьбягуцца.
„І праўда: чым ішлі далей,
„Брахня ставалася цішэй;
„Па аднаму сабакі заціхалі,
„А за ваколіцай — зусім асталі.

(Працяг будзе)

Я. Сьветазар.